Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


13.02.2012
У Маладзечне рыма-католікі і грэка-католікі супольна ўзгадалі пакутніцкую смерць Архімандрыта Андрэя ЦікотыУ суботу, 11 лютага 2012 г., споўнілася 60 гадоў ад моманту пакутніцкай смерці "ex aerumnis carceris" (ад знясілення) у лагеры пад Тайшэтам а. Андрэя Цікоты M.I.C.

У нядзелю 12 лютага 2012 г. у Маладзечне рыма-католікі і грэка-католікі супольна ўзгадалі пакутніцкую смерць а. Андрэя Цікоты.
8.02.2012
Абнародаваны Акт аб смерці Архімандрыта Андрэя ЦікотыЯк вядома 11 лютага 2012 г., спаўняецца 60 гадоў ад моманту пакутніцкай смерці "ex aerumnis carceris" (ад турэмнага знясілення) у лагеры пад Тайшэтам (Усходні Сібір) а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы мінулага стагоддзя.

8 лютага 2012 у Рыме, у Генеральным Доме Ордэна айцоў марыянаў пачалася міжнародная кансультацыйная праграма, прысвечаная даследванню жыцця і мучаніцкага подзвігу Архімандрыта Андрэя Цікоты M.I.C.
8.02.2012
Успамін св. Валянціна – малітва “аб памнажэнні любові”Напярэдадні дня малітоўнага ўспаміну святога мучаніка Валянціна, які шмат хто адзначае як “Дзень закаханых”, настаяцель а. Пахомій і вернікі грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа ў Мінску запрашаюць усіх – маладых і старэйшых – тых, хто хоча маліцца пра дар сапраўднай, вернай і чыстай любові ды аб памнажэнні любві сярод людзей,
на Боскую Літургію ў нядзелю, 12 лютага 2012 г., якая будзе служыцца а 18-ай гадзіне ў ніжнім храме (побач з бібліятэкай) Чырвонага касцёла ў Мінску.

Пасля Літургіі, а 19:00, адбудзецца Духоўны канцэрт у выкананні Міжпарафіяльнага хору “ПРАСФАРА”.
8.02.2012
60 гадоў ад пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя ЦікотыУ бліжэйшую суботу, 11 лютага 2012 г., спаўняецца 60 гадоў ад моманту пакутніцкай смерці "ex aerumnis carceris" (ад знясілення) у лагеры пад Тайшэтам (Усходні Сібір) а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы мінулага стагоддзя.

З гэтай нагоды ў бліжэйшыя дні ў шэрагу краінаў Еўропы пройдуць дні памяці і рэфлексіі над шматбаковым душпастырскім служэннем і сведчаннем жыцця беларускага Архімандрыта-пакутніка Андрэя Цікоты.

У Мінску Памятная Служба з нагоды 60-годдзя пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя будзе служыцца ў капліцы душпастырскага грэка-каталіцкага цэнтра па зав. Снежным д.7. Боская Літургія ў 10:00 гадзін.
7.02.2012
На шляху мучаніцкага подзвігу Экзарха Антона i вернікаў Палесся і Гарадзеншчыны8 лютага ўзгадваецца дзень нараджэння Экзарха Антона Неманцэвіча (нар. 8.02.1893 у Пецярбургу).

У рамках Году памяці, калі адзначаецца 70 год мучаніцкага подзвігу Экзарха Антона (Неманцэвіча) і вернікаў Палесся і Гарадзеншчыны, грэка-католікі тых рэгіёнаў у малітве ўзгадваюць мужныя бязвінныя ахвяры нацыскіх карных акцыяў і моляцца за праслаўленне Ярарха-пакутніка.

У нядзелю 5 лютага 2012 г. Настаяцель грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах – а. Андрэй Буйніч у Літургіі і малітве ўзгадаў мучаніцкі подзвіг Экзарха і вернікаў парафіі Бабровічы.
2.02.2012
Валанцёрская акцыя парафіі Хрыста Чалавекалюбцы ў МаладзечнеЗ ініцыятывы настаяцеля і вернікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Маладзечне ў нядзелю 29-га студзеня 2012 г. валанцёры хрысціянскага Руху св. Мікалая наведалі мясцовую школу-інтернат для дзяцей з парушэннямі зроку, якім прадставілі Калядную праграму.

Уся акцыя закончылася ў грэка-каталіцкім храме Хрыста Чалавекалюбцы, якую ўзначаліў настаяцель парафіі – а. Алесь Шыбека.

На Службе валанцёры падзякавалі Міласэрнаму Хрысту за дапамогу ў правядзенні акцыі і папрасілі блаславення для ўсіх дзетак, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах.
1.02.2012
2 лютага – СВЯТА СУСТРЭЧЫ ГОСПАДА ІСУСА ХРЫСТАРасклад службаў у грэка-каталіцкіх парафіях г. Мінска

СЕРАДА, 1 лютага 2012 - Перадсвяцце
* Капліца парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі – зал. Снежны д. 7
гадз. 18:30 – Вячэрня
(для ўсіх парафіяў г. Мінска)

*****

ЧАЦВЕР, 2 Лютага 2012 – Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста

* Капліца Душпастырскага цэнтра св. Язэпа – вул. Арджанікідзэ д. 6
гадз. 18:30 – Асвячэнне свечак
- Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
(для парафіі Праведнага Язэпа і парафіі св. Мікалая Цудатворцы)

* Капліца парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі – зал. Снежны д. 7
гадз. 18:30 – Асвячэнне свечак
- Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
(для парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі і парафіі Святога Духа)

Запрашаем вернікаў у храмах адсвяткаваць свята Сустрэчы Гасподняе
25.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 8 — 25 студзеня 2012 г.Тэма дня: З’яднаныя ў валадаранні Хрыста.
Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім (Aп 3, 21)

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна (Ап 3,19-22)
Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.
Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Малітва
Усемагутны Божа, Валадар усяго існага, навучы нас разважаць над таямніцаю Тваёй хвалы. Учыні, каб мы прынялі Твае дары з пакораю і шанавалі годнасць кожнай асобы. Няхай Твой Святы Дух дасць нам сілы для духоўных змаганняў, якія чакаюць нас наперадзе, каб мы, з’яднаныя ў Хрысце, прабывалі з Ім у хвале. Удзялі нам гэта праз Хрыста, які прынізіў сябе і стаў узвышаны, які жыве з Табою і Духам Святым на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
24.01.2012
Літаратура і духоўнасцьГрэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі імя св. Кірылы Тураўскага запрашае на духоўную сустрэчу, якая пройдзе ў серыі «Літаратура і духоўнасць».
Сустрэча адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу – 27 студзеня 2012 г. у 19:00 гадз. у Душпастырскім цэнтры св. Язэпа па вул. Арджанікідзе д. 6.

У рамках сустрэчы будзе магчымасць пазнаёміцца з кнігай казак Сяржука Вітушкі “Дзінь-дзелінь”.
Гэта казкі-скарбы, якія аўтар хоча перадаць дзецям. Скарбы перадусім духоўныя.
Сярод іх можна знайсці знаёмыя гісторыі, якія аўтар прапусціў праз сябе і пераказаў трохі інакш, пакінуўшы частку свайго сэрца.
24.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 7 — 24 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.
Пасі авечак Маіх (Ян 21, 19)

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў (Эф 6,10-20)

Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай.
Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Малітва
Айцец нас усіх, Ты заклікаеш нас, каб былі адной аўчарняй у Тваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён — наш добры Пастыр, які запрашае адпачыць на зялёных пашах, вядзе да водаў спакойных і акрапляе нашыя душы. Каб, ідучы за Ім, мы клапаціліся пра іншых, каб усе бачылі ў нас любоў да адзінага сапраўднага Пастыра, Езуса Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier