У бліжэйшую суботу, 11 лютага 2012 г., спаўняецца 60 гадоў ад моманту пакутніцкай смерці "ex aerumnis carceris" (ад знясілення) у лагеры пад Тайшэтам (Усходні Сібір) а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы мінулага стагоддзя.З гэтай нагоды ў бліжэйшыя дні ў шэрагу краінаў Еўропы пройдуць дні памяці і рэфлексіі над шматбаковым душпастырскім служэннем і сведчаннем жыцця беларускага Архімандрыта-пакутніка Андрэя Цікоты.
У Мінску Памятная Служба з нагоды 60-годдзя пакутніцкай смерці Архімандрыта Андрэя будзе служыцца ў капліцы душпастырскага грэка-каталіцкага цэнтра па зав. Снежным д.7. Боская Літургія ў 10:00 гадзін.
Тут прадстаўляем адзін з апошніх фотаздымкаў Архімандрыта Андрэя Цікоты, атрыманы ад рускага грэка-каталіцкага даследчыка з г. Чыта (Расея) Сяргея Кудраўцава.Айцец Архімандрыт Андрей Цікота (1891-1952)
Каталіцкі святар лацінскага ды ўсходняга абраду, манах-марыянін, архімандрыт, апостальскі адміністратар Каталіцкай місіі (экзархата) ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі, Генеральны суперыёр Ордэна айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.
***
Нарадзіўся Архімандрыт Андрей 5.12.1891 у мясцовасці Тупальшчына Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. у сялянскай сям'і Фелікса і Разаліі Цікота. 15 снежня таго ж году быў хрышчаны ў рыма-каталіцкім храме мястэчка Жодзішкі.
З верасня 1909 г. – семінарыст Віленскай рыма-каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную рыма-каталіцкую духоўную акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Рукапакладзены ў святары 13.06.1914 г.
Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мiнску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскае служэнне распачаў на рыма-каталіцкай парафіі ў Маладзечне (1917-1918).
У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мiнску.
З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка.
У 1920 г. уступіў у навіцыят айцоў марыянаў ды 24.09.1921 г. склаў манаскія шлюбы.
Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Янам Тарасевічам.
Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі.
Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Унійным кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927).
У 1933-1939 гг. быў Генеральным суперыёрам Ордэна айцоў марыянаў у Рыме.
У 1939 г. накіраваны Апостальскім пасадам у якасці Апостальскага адміністратара (у сане архімандрыта) Каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Харбін (Маньчжурыя).
Арыштаваны з групаю беларускіх святароў 22.12.1948 г. кітайскімі камуністычнымі ўладамі ды перададзены органам савецкай бяспекі (НКВД). Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў.
Памёр 11.02.1952 г. у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір) і быў пахаваны на агульных бальнічных могілках.
1 лістапада 2003 г. Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) асвяціў памятны крыж, спецыяльна ўсталяваны Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіяй на могілках у мястэчку Жодзішкі, дзе пахаваныя сваякі Архімандрыта Андрэя Цікоты.
Юрась Гарбінскі
Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ц»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 4; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Лондан). 1955. № 68-69, 82, 83; Źnič (Рым). 1972. № 113; Архівы БНР; В. Пялінак: http://www.catholicmartyrs.org/public/cicotoarticle.html