У 100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ, 18 мая 2020 г., Францішак узначаліў св. Імшу ля магілы Папы, у капліцы св. Себасцьяна ватыканскай базылікі св. Пятра.
Літургія трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ. Са Святым Айцом Эўхарыстыю канцэлебравалі: кардынал Анджэла Камастры, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан і архіпрэзбітэр базылікі св. Пятра, кардынал Конрад Краеўскі, Апосталькі элемазінарый, арцыбіскуп Пьера Марыні, кіраўнік Папскай службы літургічных цэлебрацый падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі, кіраўнік Трэцяй секцыі Дзяржаўнага сакратарыята.
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы рэспансарыйнага псальма: “Пан любіць свой народ”. Ён заўважыў, што, калі Пан з любові скіроўваў да ізраільцян прарока, яны казалі: “Пан адведаў свой народ”. Тое ж казалі і людзі, якія ішлі за Езусам, калі бачылі Яго цуды.