Пошук

Каляндар

 

СЯМЕЙНЫЯ СУСТРЭЧЫ “Alfa i Omega”


1. Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю , дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,
2. Калі маю дар прароцтва , і ведаю ўсе таямніцы , і маю ўсякія веды і ўсю веру , так што магу і горы перастаўляць , а ня маю любові , - дык я нішто.
3. І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю - няма мне ў тым ніякай карысьці.
4. Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца,
5. ня бушуе, ня шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,
6. ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны;
7. усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.
8. Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.
9. Бо мы часткова ведаем і частакова прарочым;
10. а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца.
11. Калі я быў дзіцем, дык па - дзіцячы гаварыў, па - дзіцячы мысьліў, па - дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.
12. Бо цяпер мы бачым, як празь цьмянае шкло, наўздогадзь, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
13. А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая.
(1 Кар.13.1-13 )


Сям’я – гэта маленькая царква, дзе мы вучымся жыць у супольнасьці, быць шчырымі адзін перад адным, маліцца разам, прымаць адзін аднаго такімі, якія мы ёсьць, ахвяраваць сабою. Хочацца параўнаць жыцьцё з марской хваляй, якая можа быць спакойнай, а можа быць вельмі бурнай, а часамі і небяспечнай. Тады плаваньне на нашым сямейным караблі можа прыносіць задавальненьне і радасьць, а можа гора і страх. Мы, хрысьціянскія сужонкі, маем прывілей, бо заўсёды з намі спадарожнічае Госпад Бог, з намі Божае Слова і навука Царквы.

Вельмі важна, каб мы былі адкрытымі адзін на аднаго, а разам як сужонкі – адкрытымі на волю Божую і патрэбы іншых. Для гэтага добра сустракацца разам з іншымі хрысьціянскімі сем’ямі, разам з імі славіць Госпада, пазнаваць і прымаць Слова Божае, дзяліца вопытам веры – уласна гэта робіць нас Царквой.

На працягу гадоў у парафіі Сьв.Язэпа існавала Сямейнае кола. Раз на месяц сем’і сустракаліся на асаблівую малітву і разважаньні над Сьвятым Пісаньнем.

З 1998 году Душпастырства сем’яў нашай парафіі набыло іншы аспект – штолета пачалі адбывацца сьпецыяльныя Сямейныя рэкалекцыіі.

Першыя Рэкалекцыі адбыліся ў Полацку пры манастыры сьвятых Барыса і Глеба, арганізавалі і правялі мы іх з дапамогай Біблійнага душпастырства “Metanoia”. На працягу наступных некалькіх гадоў мы праводзілі летнія Рэкалецыі для сем’яў і ў Полацку, і ў Сьвіры, і ў Шэметава. Акрамя таго, Рэкалекцыйныя сустрэчы праводзілі і ўзімку, хоць тады яны адбываліся ў Менску, сем’і жылі ў сваіх дамах. Летнія Рэкалекцыі маюць свой смак яшчэ і таму, што сужэнствы жывуць разам, а гэта азначае акрамя рэкалекцыйнай праграмы, яшчэ і ранішняя малітва і вячэрняе вогнішча. Дзеці ў гэты час звычайна маюць сваю праграму з дзіцячымі катэхетамі.

З 2003 году на Беларусі пачалі ладзіцца Сямейныя рэкалекцыі “Кана”, якія праводзіла супольнасьць “Chemin Neuf”, спачатку ў Сьвіры, пасьля ў Баранавічах і пазьней у Жодзіна. Сярод літургічнага году адбываліся кароткія ўікендавыя спатканьні, не раз яны адбываліся ў Менску, і тады нашыя парафіяне былі гаспадарамі сустрэчы.

Увесь гэты час не спыняла сваё існаваньне Сямейнае кола, а ў гэтым літургічным годзе 2007-08, мы распрацавалі сьпецыяльны курс: Сямейныя сустрэчы “Alfa i Omega”. Сустрэчы адбываюцца раз на месяц, па суботах. Спатканьне пачынаецца з супольнага пасілку, калі сужэнствы могуць спакойна пагаварыць, абмяркаваць свае праблемы, падзяліцца радасьцю. Звычайна стравы і нейкая частка вопраткі зьяўляюцца тэматычнымі, напрыклад, калі беларуская кухня, то і вопратка, пажадана, павінна быць нацыянальная, калі стравы італійскія, то і ў вопратцы павінны прысутнічаць італійскія нацыянальныя колеры і г.д. Пасьля ёсьць разважаньне – катэхеза на заплянаваны тэмат, падрыхтаваная паводле Бібліі ды навукі Каталіцкай Царквы. Усё заканчваецца праслаўленьнем Госпада і супольнай малітвай сужонкаў.

Матушка Сьвятлана і айцец Андрэй Абламейкі


Фота: матушка Сьвятлана


Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier