Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.
Пасі авечак Маіх (Ян 21, 19)Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў (Эф 6,10-20)
Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай.
Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
МалітваАйцец нас усіх, Ты заклікаеш нас, каб былі адной аўчарняй у Тваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён — наш добры Пастыр, які запрашае адпачыць на зялёных пашах, вядзе да водаў спакойных і акрапляе нашыя душы. Каб, ідучы за Ім, мы клапаціліся пра іншых, каб усе бачылі ў нас любоў да адзінага сапраўднага Пастыра, Езуса Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.
(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)