Пошук

Каляндар

 
субота
СТУДЗЕНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

ГРЭКА-КАТАЛІЦКІ КЛУБ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ ІМЯ СЬВ.КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА


Рефераты і даклады праслуханыя на паседжаньнях клуба
Любоў у жыцці Царквы. Паводле энцыклікі Deus caritas est Святога Айца Бенедыкта XVI
Магістр Андрэй Крот

Святы Кірыла Тураўскі – жыццё і галоўныя матывы творчасці.
Магістр Андрэй Крот

Грэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі ўзьнік у 2001 г. першапачаткова ў выглядзе аб’яднаньня грэка-каталіцкай інтэлігенцыі ў менскай парафіі сьв. Язэпа пад духоўным куратарствам пробашча парафіі айца Андрэя Абламейкі. Мэтай клуба было стварыць магчымасьць таварыскай размовы, узаемнага разважаньня, абмеркаваньня пытаньняў рэлігійнага жыцьця, духоўнай культуры, гісторыі цэркваў і хрысьціянскіх канфесіяў, асэнсаваньня месца і ролі рэлігіі ў грамадзкім і палітычным жыцьці.

Наўмысна была абрана для гэтай хрысьціянскай арганізацыі клубная форма (ад анг. club — грамадзкая арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей у сумесных навуковых, культурна-асьветніцкіх, палітычных або іншых інтарэсах). Менавіта грэка-каталіцкае хрысьціянства, ідэя уніі, пабудаваная на прынцыпах вялікай цярплівасьці і талерантнасьці, здольная згуртаваць вернікаў розных канфесіяў, а таксама неафітаў-інтэлектуалаў і ўсіх, хто шукае маральную апору свайго жыцьця ў хрысьціянскіх каштоўнасьцях, умацаваць супрацоўніцтва Царквы з навуковай і творчай інтэлігенцыяй. Зьвяртаючы ўвагу на адраджэньне на Беларусі грэка-каталіцкіх абшчын, кс. Ул. Завальнюк і докт. філасофскіх навук Ул. Навіцкі ў кнізе «Канфесіі на Беларусі» (1998) зазначылі, што ў іх склад «уваходзяць моладзь, інтэлігенцыя, якія бачаць ва ўніяцтве састаўную частку нацыянальна-культурнай спадчыны, адзін з фактараў, які фарміруе нацыянальна-этнічную сьвядомасьць».

Невыпадкова ў 2002 г. клуб атрымаў сучасную назву і імя cьв. Кірылы Тураўскага — славутага беларускага і ўсходне-славянскага асьветніка, у асобе якога спалучаліся царкоўны дзеяч і багаслоў, а таксама пісьменьнік, што ў сваіх творах закранаў маральна-этычныя і грамадзка-палітычныя праблемы. І сёньня інтэлігенцыю не могуць не хваляваць неадназначныя працэсы, што адбываюцца ў грамадзкай сьвядомасьці, духоўным жыцьці нацыі, паколькі менавіта яна (інтэлігенцыя) зьяўляецца аб’ектыўным носьбітам інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыяла грамадзтва. Акрамя таго, інтэлігенцыя традыцыйна ўмацоўвае творчы падыход да вырашэньня актуальных праблемаў навукі і тэхнікі, эканомікі, палітыкі.

Узначаліў Грэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі доктар біялагічных навук Язэп Стапановіч, геабатанік і эколаг. Паседжаньні Клуба праводзяцца штомесяц, і за час яго існаваньня разгледжаны шэраг пытаньняў. Яны прысьвячаліся памятным датам, а першае паседжаньне, якое адбылося сумесна з Нацыянальным асьветніцкім цэнтрам ім. Ф. Скарыны ва ўгодкі абраньня на Рымскі Пасад Сьв. Айца Яна Паўла ІІ, было прысьвечана значэньню яго пантыфікату для ўсходне-каталіцкіх цэркваў. Даклад на гэтую тэму зрабіў а. Зьм. Грышан — настаяцель парафіі Хрыста Збаўцы ў Віцебску. Адпаведна, дату 16 кастрычніка можна лічыць днём заснаваньня беларускага Грэка-каталіцкага клуба інтэлігенцыі імя сьв. Кірылы Тураўскага.

Да дня памяці сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча, архібіскупа Полацкага, у лістападзе 2002 г. быў прымеркаваны даклад докт. філалагічных навук Івана Саверчанкі «Уніяцкая Царква на Беларусі: перыяд фармаваньня» і абмеркаваньне яго кнігі «Aurea mediocritas» (1998), якая асьвятляе дактрыны беларускіх пісьменьнікаў і філосафаў XVI - XVII ст. і палеміку вакол Люблінскай і Берасьцейскай уніяў. Новыя цікавыя ўдакладненьні біяграфіі і дзейнасьці сьвм. Язафата на падставе даследаваньня яго эпісталярнай спадчыны летась паведаміў рэдактар полацкага выдавецтва «Сафія» Міхась Баўтовіч.

Памяць сьв. Кірылы біскупа Тураўскага была ўшанавана дакладам магістра багаслоўя Андрэя Крата, сустрэча з якім адбылася ўвесну 2004 г. у філіі музея М. Багдановіча. Дарэчы, з а. Андрэем Кратом сябры Клуба мелі магчымасьць пазнаёміцца даволі добра. Ён яшчэ двойчы прыязджаў у Менск на паседжаньні клуба з дакладамі ужо як сьвятар. Айцец Андрэй Крот узімку 2006 г. пазнаёміў менскую грэка-каталіцкую інтэлігенцыію з галоўнымі ідэямі першай энцыклікі Папы Рымскага Бенядыкта XVI „Deus Caritas est”. Увосень 2007 года а. А. Крот распавёў пра іншы твор цяперашняга Папы Бенядыкта XVI “Ісус з Назарэту”, які ён пачынаў пісаць яшчэ як кардынал Йозэф Рацынгер .

Не абышлі ўвагай запрошаныя выступоўцы і творчасьць папярэдніка Бенядыкта XVI Яна Паўла ІІ. Агляд асноўных ідэяў з ягонай апошняй кнігі “Памяць і тоеснасьць” быў прапанаваны ўвазе чальцоў клуба магістрам тэалогіі Яўгенам Усошыным.

Вялікая ўвага надавалася гісторыі ўсходняга каталіцтва на Беларусі, неаўнійнага руху, адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст. Асабліва цікавілі пытаньні заснаваньня Экзархату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы і яго далейшага лёсу. Так, у студзені 2003 і 2005 гг., калі намі ўшаноўваецца памяць выдатнага беларускага царкоўнага дзеяча а. Антона Неманцэвіча, які ў 1939 г. узначаліў Беларускі Грэка-Каталіцкі Экзархат Украінскай уніяцкай мітраполіі, былі прачытаны даклады Сяргея Ярша «З гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай (уніяцкай) Царквы: Экзарх а. Антон Неманцэвіч» і Яўгена Усошына пра новыя старонкі пакутніцкага жыцьця Экзарха. Апошнія матэрыялы зьяўляюцца пэўнай падставай для пачатку працэсу яго беатыфікацыі.

Шэраг паседжаньняў Клуба быў прысьвечаны іншым гістарычным асобам, якія пакінулі свой сьлед у гісторыі беларускай Уніі. Так, у 2006 годзе ролі Антона Луцкевіча – вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча – у спробах адраджэньня Уніі ў пачатку ХХ стагоддзя быў прысьвечаны зьмястоўны даклад Анатоля Сідарэвіча – даследчыка жыцьця і творчасьці А. Луцкевіча.

Асобу выдатнага навукоўцы і педагога, славіста, арыенталіста, аднаго з папярэднікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня, уніяцкага сьвятара Міхала Баброўскага ўшанавалі на паседжаньні Клуба грэка-каталіцкай інтэлігенцыі ў кастрычніку 2006 году. Са зьмястоўным дакладам, прысьвечаным асобе гэтага знакамітага царкоўнага дзеяча, у госьці да менскай інтэлігенцыі прыехала прафесар гісторыі з Гродна Сьвятлана Марозава.

Улічваючы вялікі практычны ўнёсак у ініцыятыву адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі вядомага рэлігійнага і грамадзкага дзеяча дэкана БГКЦ а. Яна Матусевіча ў 55-ыя ўгодкі яго народзінаў у памяшканьні касьцёла Сьв. Сымона і Алены быў праведены Дзень памяці з фотавыставай, праглядам кінастужкі і ўспамінамі пра складаны жыцьцёвы шлях і дзейнасьць айца Яна.

Акрамя мерапрыемстваў па ўшанаваньні памятных гістарычна-рэлігійных датаў і падзеяў актыўна практыкаваліся ў Клубе сустрэчы інтэлігенцыі з нагоды прэзентацыі кніг і новадрукаў. У 2002 г. прайшла прэзентацыя надрукаванай у Вільні кнігі Зьм. Санько і І.І. Саверчанкі «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», выданьню якой асабіста спрыяў а. Аляксандр Надсан, а дапамагалі яе рыхтаваць Я. Кулік, А. Разанаў, М. Чарняўскі і інш. вядомыя людзі.

У студзені 2004 г. у музеі Я. Купалы сумесна з выдавецтвам «Дыярыюш» была арганізавана урачыстая прэзентацыя ўбачыўшай сьвет у Беларусі кнігі ўспамінаў а. Язэпа Германовіча (пісьменнік Вінцук Адважны) «Кітай — Сібір — Масква» (1962). Да гэтай падзеі асабліва актыўна спрычыніўся Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. А ў канцы таго ж 2004 г. прэзентавалася кніга, прысьвечаная актыўнаму беларускаму рэлігійнаму і грамадзкаму дзеячу ў эміграціі а. Чэславу Сіповічу. На гэтай сустрэчы прысутнічалі аўтар кнігі Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан, яе выдавец — галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зьм. Санько і шматлікая беларуская інтэлігенцыя.

Дарэчы, гісторыя беларускіх марыянаў, асабліва друйскіх айцоў, а менавіта прадстаўнікамі гэтага манаскага ордэна былі памянёныя вышэй айцы Ч.Сіповіч, Я.Германовіч, заўсёды выклікала цікавасьць грэка-католікаў сваёй адданасьцю беларускай ідэі і высокім патрыятызмам. І таму з вялікай увагай была заслухана пранікнёная лекцыя айца-марыяніна Роберта Крывіцкага «Уладыка біскуп Ч. Сіповіч і айцы-марыяне — другая палова ХХ ст».

Па ініцыятыве прафесара Юрыя Хадыкі прайшла ў клубе дыскусія адносна суіснаваньня так званых «усходняга» і «заходняга» рэлігійных сьветапоглядаў, іх уплыву і ролі грэка-візантыйскай філасофіі на развіцьцё ўсходне-славянскіх народаў. У гэтым рэчышчы была абмеркавана кніга рэлігійнага філосафа кн. Валконскага «Каталіцтва і Сьвятое Паданьне Ўсходу».

Як вядома, на Беларусі засталося шмат паганскіх звычак, звязаных з культам прыроды, і рэлігійна-магічная абраднасьць, якая ў пэўнай ступені асімілявалася хрысьціянскай Царквой. Так, некаторыя царкоўныя сьвяты паступова злучыліся са старажытнымі народнымі сьвятамі. З гэтай нагоды цікавы этна-культуралагічны экскурс у практыку святкаваньня Калядаў на Беларусі зрабіў кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі.

Абмяркоўваліся ў Клубе таксама і надзённыя пытаньні культурнага жыцьця нашай краіны. Улічваючы складанасьць сітуацыі з захаваньнем і рэканструкцыяй гістарычных помнікаў, на паседжаньне Клуба быў запрошаны вядомы беларускі мастак і грамадзкі дзеяч Мікола Купава, які хвалююча паведаміў пра гісторыю, архітэктуру і сучасныя праблемы Верхняга горада беларускай сталіцы.

Натуральна, што перыядычна ў клубных сустрэчах і дыскусіях узьнікалі пытаньні аб лёсе, ролі, дзейнасьці, уплыве і сувязях рэлігіі з грамадзкім і палітычным жыцьцём краіны. Таму вельмі цікава было паслухаць думку пра гэта маладога інтэлігента і літаратуразнаўцы, супрацоўніка газеты «Культура», верніка грэка-каталіцкай парафіі Сьв.Язэпа Ільлі Сьвірына. Яго рэфлексіі дапамаглі слухачам зразумець сьветапогляд маладога пакаленьня і праблемы новай генерацыі творчай інтэлігенцыі.

Апрача маладых творцаў, сярод асабліва запрошаных на паседжаньні Клуба былі і сталыя, вядомыя ў Беларусі і за яе межамі дзеячы культуры. Увесну 2006 году Клуб інтэлігенцыі гасьціў вядомага гісторыка, літаратара, майстра гістарычнага апавяданьня Уладзімера Арлова. Ён падаў да ўвагі гасьцей Клуба і сталых ягоных удзельнікаў цікавы расповед пра жыцьцё і чыны нябеснай апякункі Беларусі сьв. Еўфрасіньні Полацкай, значэньне яе асобы і дзейнасьці актуальнае для беларусаў-хрысьціянаў (і не толькі хрысьціянаў) і да сёньня.

Апошняе ў 2007 годзе паседжаньне Клуба наведаў паэт Алесь Разанаў. Сустрэча мела характар нефармальнай размовы паміж творцам і прысутнымі. Падчас сустрэчы сам паэт і прыхільнікі ягонай творчасьці чыталі ўлюбёныя творы. Асаблівая ўвага была нададзеная “Кнізе ўзнаўленьняў” – зборніку перакладаў са старабеларускай мовы твораў беларускіх хрысьціянскіх пісьменьнікаў.

Сьвятлана Бельская
кандыдыт біялагічных навук,
Сакратар Kлуба

а. Яўген Усошын STM
Kапелан Клуба

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.