Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


24.04.2012
Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайныУшаноўваючы разам з праваслаўнымі братамі ў радасны велікодны перыяд нашых продкаў, у панядзелак 23 красавіка 2012 году, напярэдадні сьвята Радаўніцы, вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай разам з віцэ-дэканам БГКЦ для Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей айцом Андрэем Кратом зьдзейсьнілі пілігрымку ў спаленую фашыстамі ў вайну ўніяцкую вёску Бабровічы. Гэтая пілігрымка стала адным з этапаў малітоўнага ўспаміну, які сёлета распачалі вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды 70-х угодкаў мучаніцкага подзьвігу беларускага грэка-каталіцкага экзарха а. Антона Неманцэвіча і ў памяць аб даручаных яго апецы верніках-уніятах Палесься і Гарадзеншчыны.
23.04.2012
Памяць Уладыкі Баляслава Слосканса ў БэльгііУ нядзелю 22 красавіка 2012 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая парафія ў Антвэрпэне, з нагоды 31 гадавіны з дня сьмерці ўзгадала памяць Слугі Божага Біскупа Баляслава Слосканса, які пэўны час быў Апостальскім Візітатарам для беларусаў замежжа. Хоць Ўладыка Баляслаў з паходжаньня быў латышом, аднак ад маладосьці ён быў моцна павязаны з беларускім народам і ўсяляк спрыяў ягонаму духоўнаму і нацыянальнаму разьвіцьцю.
22.04.2012
У Гродне адслужылі паніхіду за супакой Янкі Купалы і Элаізы ПашкевічУ суботу 21 красавіка 2012 г. у Гродне ў касцёле Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Брыгіцкім) душпастыр мясцовай грэка-каталіцкай Парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот адслужыў пасхальную паніхіду за супакой вялікіх беларускіх пісьменнікаў і грамадзскіх дзеячаў Янкі Купалы і Элаізы Пашкевіч (Цёткі).

Набажэнства стала духовым завяршэннем Купалаўскіх чытанняў, якія адбыліся 20-21 красавіка, і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў нараджэння паэта.

Паніхіду маліліся ўдзельнікі канферэнцыі разам з вернікамі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.
21.04.2012
На шляху да праслаўлення Біскупа Баляслава Слосканса18 красавіка споўнілася чарговая гадавіна блаславёнага спачыну Слугі Божага Уладыкі Баляслава Слосканса, Апостальскага Візітатара для Беларусаў у Замежжы (1952 - 1960).

У аўторак 17 красавіка 2012 г., у мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа, прайшоў малітоўны ўспамін Слугі Божага Уладыкі Баляслава Слосканса.
На Боскай Літургіі, якую ў саслужэнні душпастыроў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў ды а. Андрэя Буйніча з Ліды, узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), удзельнікі маліліся аб праслаўленні (беатыфікацыі) Біскупа Баляслава.

Казанне пра гераічнае святарскае і біскупскае служэнне Ўладыкі Баляслава, а асабліва пра ягоную пастырскую апеку над беларусамі, сказаў мінскі протапрэзбітар Яўген Усошын.
16.04.2012
Парафіяльнае Свята ў МаладзечнеУ нядзелю Антыпасхі 15 красавіка 2012 г. у грэка-каталіцкай Парафіі Хрыста Чалавекалюбцы, што ў Маладзечне, адзначалася парафіяльнае свята.

Урачыстая Літургія распачалася а 16:00 гадз., пад час якой вернікі маліліся да Міласэрнага Хрыста аб блаславенні для парафіі ды для ўсяго Маладзечна. 

У святочнай гаміліі душпастыр парафіі а. Аляксандр Шыбека, звярнуў увагу вернікаў на вялікае значэнне чалавечай дабрыні і міласэрнасці ў справе абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце.
14.04.2012
Малітоўны ўспамін Экзарха Антона ў ЛюблінеУ Любліне (Польшча), горадзе, у якім нёс духоўнае служэнне Экзарх Антон Неманцэвіч, былі ўзгаданыя яго духоўны і пакутніцкі подзвіг.

Па запрашэнні а. Мітрата Стэпана Батруха, пробашча грэка-каталіцкай парафіі ў Любліне, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) ў днях 12-13 красавіка 2012 прыняў удзел у духовай пілігрымцы па месцах звязаных з служеннем Экзарха Антона ў г. Любліне.

Гэта былі перш за ўсё Люблінскі Каталіцкі Ўніверсітэт, дзе малады рымскі доктар усходніх царкоўных навук а. Антон Неманцэвіч быў выкладчыкам у 1928/1929 гг.

Далей гэта быў храм св. Язафата па вул. Зялёнай, дзе свой час знаходзіўся Усходні Інстытут, якім у тыя ж самыя гады кіраваў а. Антон Неманцэвіч.
У гэтым храме праз пэўны час малілася Люблінская грэка-каталіцкая супольнасць.
10.04.2012
Хрыстос уваскрос! – пахаванне кард. Ігната Майсея І (Дауда)У аўторак 10 красавіка 2012 г. у Базыліцы св. Пятра ў Рыме адбылася пахавальная служба кард. Ігната Майсея І Дауда (Ignace Moussa I Daoud), які памёр у Рыме ў Вялікую Суботу – 7 сакавіка 2012 г. ранкам ва ўзросце 81 год.
У 1998-2000 гг. быў ён Антыяхійскім Патрыярхам Сіра-Каталіцкай Царквы а ў 2000 – 2007 гг. быў Прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Кардынал Ігнат Майсей І Дауд паходзіў з Сірыі, з наваколля г. Гомс. Чатыры гады (1994-1998) ён быў сіра-каталіцкім архібіскупам гэтага горада, які сёння з’яўляецца сімвалам грамадзянскай вайны, якая вядзецца на бацькаўшчыне памерлага кардынала.
Пра гэта згадаў Яго Святасць Папа Бенядыкт XVI у спачувальнай тэлеграме, вызнаючы, што паведамленне пра смерць Патрыярха ён прыняў з вялікім смуткам.
8.04.2012
Велікодны зварот Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа мітрафоннага протаярэя а. Аляксандра НадсанаРадасьць вялікага сьвята не павінна, аднак, даць нам забыць, што Велікодную Нядзелю апярэджвала Вялікая Пятніца, калі Госпад Ісус Хрыстос павіс на крыжы, фальшыва абвінавачаны тымі, што ўважалі сябе духоўнымі правадырамі народу, і адданы на сьмерць судзьдзёю, каб дагадзіць абвінаваўцам, хоць сам не знайшоў ў Ім ніякай віны. Ні судзьдзя, ні абвінаваўцы не падазравалі, што засудзілі на сьмерць Таго, каго магіла не магла ўтрымаць і хто сказаў пра сябе: «Я — дарога, і праўда, і жыцьцё».
7.04.2012
Пастырскае Слова  Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі  на свята Пасхі Хрыстовай 2012 годаДа пасхальнай радасці Ўваскрасення Госпада нашага Ісуса Хрыста Святая Царква прывяла нас праз Вялікі Тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

У Вялікі Чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і святарскага служэння, які Хрыстос даручыў Сваёй Святой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасць гэтага дару святарства для ўсяго Народу Божага.
Усіх святароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарыслівае служэнне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне.
Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэння.
6.04.2012
Вялікдзень у Празе - расклад СлужбаўДарагія браты і сёстры!
Запрашаем на Святочныя набажэнствы у царкве святых Кузьмы і Дзям’яна (Vyšehradská 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech) 

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА – 6.04.2012
гадз. 18:30 – Вячэрня з выносам Плашчаніцы, пакланенне Мукам Хрыста
магчымасць Споведзі

ВЯЛІКДЗЕНЬ - НЯДЗЕЛЯ ЎВАСКРАСЕННЯ ГАСПОДНЯГА – 8.04.2012

гадз. 11:00 – Боская Літургія Ўваскрасення Гасподняга
Асвячэнне велікодных страваў

Пасля Літургіі Пасхальная агапа ў царкоўнай залі.

Ваш у Хрысце
а. Андрусь Абламейка

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier