Пошук

Каляндар

 

У Гродне адслужылі паніхіду за супакой Янкі Купалы і Элаізы Пашкевіч  


У Гродне адслужылі паніхіду за супакой Янкі Купалы і Элаізы ПашкевічУ суботу 21 красавіка 2012 г. у Гродне ў касцёле Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Брыгіцкім) душпастыр мясцовай грэка-каталіцкай Парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот адслужыў пасхальную паніхіду за супакой вялікіх беларускіх пісьменнікаў і грамадзскіх дзеячаў Янкі Купалы і Элаізы Пашкевіч (Цёткі).

Набажэнства стала духовым завяршэннем Купалаўскіх чытанняў, якія адбыліся 20-21 красавіка, і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў нараджэння паэта.

Паніхіду маліліся ўдзельнікі канферэнцыі разам з вернікамі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.

У кароткім казанні а. Андрэй Крот адзначыў, што, молячыся за выдатных дзяцей нашага народу, мы памятаем таксама пра іх сувязь з Грэка-Каталіцкай Царквой.

Янка Купала падчас свайго знаходжання ў Мінску ў 1918 годзе слухаў беларускія казанні айца Фабіяна Абрантовіча – будучага Апостальскага Адміністратара для католікаў усходняга абраду ў Манджурыі.

Сувязі Элаізы Пашкевіч з Грэка-Каталіцкай Царквой былі яшчэ больш цесныя – яе зборнікі “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская” былі надрукаваныя ў базыльянскай друкарні ў Жоўкве на Заходняй Украіне.
Ёсць таксама звесткі, што паэтэсса рыхтавала да выдання ў той самай друкарні малітоўнік для беларусаў.

Айцец Андрэй заўважыў таксама, што, як і кожны чалавек, гэтыя выдатныя дзеці беларускага народу не былі пазбаўленыя слабасцяў, таму ў гэты вялікодны час у малітве асабліва давяраем іх Міласэрнаму Хрысту.

Вечная памяць - Хрыстос уваскрос!

22.04.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier