Пошук

Каляндар

 

Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайны  


Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайныУшаноўваючы разам з праваслаўнымі братамі ў радасны велікодны перыяд нашых продкаў, у панядзелак 23 красавіка 2012 году, напярэдадні сьвята Радаўніцы, вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай разам з віцэ-дэканам БГКЦ для Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей айцом Андрэем Кратом зьдзейсьнілі пілігрымку ў спаленую фашыстамі ў вайну ўніяцкую вёску Бабровічы. Гэтая пілігрымка стала адным з этапаў малітоўнага ўспаміну, які сёлета распачалі вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды 70-х угодкаў мучаніцкага подзьвігу беларускага грэка-каталіцкага экзарха а. Антона Неманцэвіча і ў памяць аб даручаных яго апецы верніках-уніятах Палесься і Гарадзеншчыны.

Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайныРадаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайныРадаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў - ахвяраў вайныВёска Бабровічы, якая сёньня знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне, у 1920-30-ыя гады стала адным з важных асяродкаў Уніі ў Заходняй Беларусі. З 1926 году душпастырам мясцовых вернікаў, якія тады сабралі подпісы і зьвярнуліся да біскупа З. Лазінскага з просьбай прыслаць ім уніяцкага сьвятара, быў айцец Баляслаў Пачопка – вядомы беларускі культурна-асьветніцкі і рэлігійны дзеяч. У свой час ён быў рэдактарам першай беларускай каталіцкай газеты “Беларус”, падчас 1-й Сусьветнай вайны займаўся стварэньнем беларускіх прытулкаў і школ на Віленшчыне, выкладаў і кіраваў навучальным працэсам у першай беларускай настаўніцкай семінарыі ў Сьвіслачы. Працуючы ў парафіі Бабровічы, ён і яго жонка Марцыяна асабліва запомніліся баброўцам сваёй дабрачыннай дзейнасьцю, любоўю да ўсіх людзей. Айцец Баляслаў заўчасна памёр напрыканцы 1940 году ў шпіталі ў Целяханах, змучаны і зьнясілены шматлікімі “гутаркамі”, пагрозамі высылкі ў Сібір, паборамі з царквы ды рознымі зьдзекамі і перасьледаваньнямі, якія чыніла яму і Царкве новая бязбожная ўлада.

А ў верасьні 1942 году трагічны лёс напаткаў Бабровічы, а таксама тры іншыя вёскі, якія належалі да Бабровіцкай уніяцкай парафіі – Вяда, Тупічыцы і Красьніца. Яны былі спаленыя фашысцкімі карнікамі разам з жыхарамі. Па вайне з чатырох гэтых вёсак адрадзілася толькі вёска Бабровічы, частка жыхароў якой цудам уратавалася і выжыла пасьля гэтай страшнай трагедыі. Іх успаміны трапілі ў дакументальную аповесьць “Я з вогненнай вёскі” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзіміра Калесьніка.

Падчас сёлетняй пілігрымкі ў гэтыя мясьціны айцец Андрэй Крот, які сам мае бабровіцкія карані, адслужыў пасхальную паніхіду на каталіцкіх могілках у Целяханах ля магілы айца Баляслава Пачопкі, на якой устаноўлены драўляны помнік-каплічка з выявай уваскрослага Хрыста. Па дарозе да Бабровічаў пілігрымы памаліліся на месцы спаленай вёскі Красніца, каля памятнага знака. Жыцьцясьцьвярджальны велікодны сьпеў “Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў” гучаў таксама і падчас памінальнай службы, што адбылася затым на старых уніяцкіх могілках у Бабровічах. Там, на месцы, дзе пасьля вайны мясцовыя жыхары пахавалі парэшткі сваіх загінулых аднавяскоўцаў, у 2000 годзе вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі ўсталявалі памятны крыж.

З месцаў, дзе былі спаленыя і дзе потым былі перапахаваныя бабровіцкія ўніяты, пілігрымы ўзялі з сабою зямлю, якая будзе цяпер захоўвацца вернікамі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай як рэліквія і напамін аб мучаніцтве нашых продкаў.

24.04.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier