
У нядзелю Антыпасхі 15 красавіка 2012 г. у грэка-каталіцкай Парафіі Хрыста Чалавекалюбцы, што ў Маладзечне, адзначалася парафіяльнае свята.
Урачыстая Літургія распачалася а 16:00 гадз., пад час якой вернікі маліліся да Міласэрнага Хрыста аб блаславенні для парафіі ды для ўсяго Маладзечна.
У святочнай гаміліі душпастыр парафіі а. Аляксандр Шыбека, звярнуў увагу вернікаў на вялікае значэнне чалавечай дабрыні і міласэрнасці ў справе абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце.
“У Евангельскім чытанні на Свята (Ян 20:19-31) Ісус Хрыстос у сваім вялікім чалавекалюбстве дазваляе свайму вучню Фаме ўкласці ягоныя брудныя пальцы ў Свае святыя і жыццядайныя раны, каб збавіць будучага апостала ад палону сумневаў і няверства.
Так і сучасныя вучні Хрыста, за прыкладам Настаўніка, пакліканы да міласэрнага і самаахвярнага служэння, каб ратаваць людзей з палону граху і няверства”
– сказаў а. Аляксандр.
Заканчэннем Парафіяльнай Урачыстасці стала трапеза любові - Агапэ, на якой парафіяне раздзялілі і спажылі Артос, асвячаны на Свята Пасхі.