Пошук

Каляндар

 

Малітоўны ўспамін Экзарха Антона ў Любліне  


Малітоўны ўспамін Экзарха Антона ў ЛюблінеУ Любліне (Польшча), горадзе, у якім нёс духоўнае служэнне Экзарх Антон Неманцэвіч, былі ўзгаданыя яго духоўны і пакутніцкі подзвіг.

Па запрашэнні а. Мітрата Стэпана Батруха, пробашча грэка-каталіцкай парафіі ў Любліне, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) ў днях 12-13 красавіка 2012 прыняў удзел у духовай пілігрымцы па месцах звязаных з служеннем Экзарха Антона ў г. Любліне.

Гэта былі перш за ўсё Люблінскі Каталіцкі Ўніверсітэт, дзе малады рымскі доктар усходніх царкоўных навук а. Антон Неманцэвіч быў выкладчыкам у 1928/1929 гг.

Далей гэта быў храм св. Язафата па вул. Зялёнай, дзе свой час знаходзіўся Усходні Інстытут, якім у тыя ж самыя гады кіраваў а. Антон Неманцэвіч.
У гэтым храме праз пэўны час малілася Люблінская грэка-каталіцкая супольнасць.

* * *
На шляху Люблінскай пілігрымкі знайшоўся таксама і дом, у якім у 1879 г. нарадзілася с. Марта ад Ісуса (Казімера Валоўская), настаяцельніца кляштару Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найссвяцейшай Дзевы Марыі (Сясцёр Непакалянак) у Слоніме, якая разам з с. Евай (Багумiлай Наiшэўскай) у час ныцысцкай акупацыі неслі дапамогу ўсім, а асабліва габрэям.
За гэта 18 снежня 1942 г. дзве манахіні разам з іхнім капеланам, езуітам а. Адамам Штаркам, былі арыштаваны гэстапаўцамі і на наступны дзень растрэляныя на Петралявіцкай Горцы ля Слоніма.

Езуіт а. Адам Штарк – сабрат а. Антона Неманцэвіча ў Ордэне Айцоў Езуітаў, быў адміністратарам рыма-каталіцкай парафіі ў Жыровіцах (ля Слоніма, якая малілася у Крыжаўздзвіжанскім храме, што знаходзіцца побач былога базыліянскага манастыра ў Жыровіцах, і ў якім у міжваенны час захоўвалася і шанавалася цудатворная каранаваная копія Жыровіцкай Іконы Маці Божай (якая зара ў касцёле Айцоў Капуцынаў у Слоніме).
Езуіту а. Антону Неманцэвічу (з бліскага Альбярціна) прыхадзіла часам замяшчаць свайго сабрата а. Адама Штарка ў духоўным акармленні Сясцёр Непакалянак у Слоніме.
У жахлівыя 1941-1942 г. а. Антон, разам з манахінямі ды іхнім капеланам няслі дапамогу пераследваным габрэям.

* * *
Дапамога габрэям, як элемент духоўнага служэння Экзарха Антона Неманцэвіча, быў прадметам абмяркавання ў Любліне у рамках сустрэчы Архімандрыта Сяргея ў сядзібе Фундацыі Духовай Культуры Пагранічча, якой дырэктарам з’яўляецца а. Мітрат д-р Стэпан Батрух.
Фундацыя асабліва пашырае памяць пра а. Амельяна Коўча – Блаславёнага грэка-каталіцкага святара-м учаніка, які ў час вайну намагаўся працаваць для ратавання габрэяў. Увесну 1943 году ён быў увязнены гітлераўцамі і кінуты спачатку ў турму ў Львоў, дзе ад яго вымагалі, каб адмовіўся ад дапамогі габрэям, а калі ён не пажадаў выракацца сваіх перакананняў – яго змясцілі ў канцлагер Майданак. (ля Любліна), дзе ён закончыў пакутніцкі шлях жыцця 25 сакавіка 1944 году – быў атручаны газам і спалены нацыстамі ў крэматорыі.
Гэтыя дзве вялікія постаці святароў Блаславёны Амельян Коўч (украінец) ды Эказарх Антон Неманцэвіч (беларус) – сведкі дапамогі, якую Грэка-Каталіцкая Царква Украіны і Беларусі аказвала габрэям ў час вайны.

* * *

Люблінскі ўспамін Экзарха Антона завяршыўся ў мясцовай грэка-каталіцкай царкве, дзе ў Вялікую Пятніцу (за старым каляндаром) – 13 красавіка вернікі ўшаноўвалі св. Плашчаніцу.

“Калі сёння ўшаноўваем Плашчаніцу нашага Госпада, глядзім на яе ў святле Уваскрасення. Таксама асэнсоўваем і пакутніцкі шлях Экзарха Антона ды ягонай Паствы – шлях, які вядзе нас да уваскрасення” – сказаў Архім. Сяргей на заканчэнне Пілігрымкі ў Люблін.

14.04.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier