Пошук

Каляндар

 

Памяць Уладыкі Баляслава Слосканса ў Бэльгіі  


Памяць Уладыкі Баляслава Слосканса ў БэльгііУ нядзелю 22 красавіка 2012 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая парафія ў Антвэрпэне, з нагоды 31 гадавіны з дня сьмерці ўзгадала памяць Слугі Божага Біскупа Баляслава Слосканса, які пэўны час быў Апостальскім Візітатарам для беларусаў замежжа. Хоць Ўладыка Баляслаў з паходжаньня быў латышом, аднак ад маладосьці ён быў моцна павязаны з беларускім народам і ўсяляк спрыяў ягонаму духоўнаму і нацыянальнаму разьвіцьцю.

Для беларускай супольнасьці ў Бэльгіі ягоная постаць мае асаблівае значэньне яшчэ і таму, што ён усю другую частку свайго жыцьця правёў менавіта ў Бэльгіі, у моцнай сулучнасьці з тутэйшай беларускай дыяспарай, і спачыў у Госпадзе ў 1981 г. ў Брусэлі.

У часе Боскай Літургіі былі ўзьнесеныя малітвы с просьбай да Госпада аб праслаўленьні Яго Слугі Біскупа Баляслава ў ліку блаславёных, паколькі працэс ягонай беатыфікацыі ўжо распачаты і жыцьцё і дзейнасьць прызнаныя дабрадзейнымі.

У часе казаньня сьвятар Ян Майсейчык заклікаў вернікаў шанаваць памяць Уладыкі Баляслава, подзьвіг жыцьця якога служыць жывым дакорам для тых, хто занядбаў сваю веру і беларушчыну і застаецца абыякавым да лёсу свайго народу. Яскравы прыклад павагі да нашых традыцый, культуры, мовы і матчынай уніяцкай веры з боку іншапляменьніка панукае самых беларусаў да апамянтаньня і самапавагі.

Валадарства Нябеснае Слузе Божаму Біскупу Баляславу!

23.04.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier