Пошук

Каляндар

 

На шляху да праслаўлення Біскупа Баляслава Слосканса  


На шляху да праслаўлення Біскупа Баляслава Слосканса18 красавіка споўнілася чарговая гадавіна блаславёнага спачыну Слугі Божага Уладыкі Баляслава Слосканса, Апостальскага Візітатара для Беларусаў у Замежжы (1952 - 1960).

У аўторак 17 красавіка 2012 г., у мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа, прайшоў малітоўны ўспамін Слугі Божага ўладыкі Баляслава Слосканса.
На Боскай Літургіі, якую ў саслужэнні душпастыроў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў ды а. Андрэя Буйніча з Ліды, узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), удзельнікі маліліся аб праслаўленні (беатыфікацыі) Біскупа Баляслава.

Казанне пра гераічнае святарскае і біскупскае служэнне Ўладыкі Баляслава, а асабліва пра ягоную пастырскую апеку над беларусамі, сказаў мінскі протапрэзбітар Яўген Усошын.

Паколькі гэта быў дзень Радаўніцы (паводле грыгарыянскага календара), у малітве ўзгадана было таксама і ўсіх памерлых вернікаў розных нацыянальнасцяў, якім служыў Біскуп Баляслаў.

Малітвы аб праслаўленні Слугі Божага Біскупа Баляслава пройдуць у беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі ды ў Замежжы ў нядзелю 22 красавіка 2012 г.

Асаблівы малітоўны ўспамін адбудзецца ў асяроддзі беларускіх грэка-каталікоў у Бельгіі – у Брусэлі ды Анверпане.

* * *

Слуга Божы Ўладыка Баляслаў (Баляслаў Бернардавіч Слосканс; латыш. Boļeslavs Sloskāns) быў латышом, але ягоны лёс быў цесна звязаны з Беларуссю ды з беларусамі.

Ён нарадзіўся 19 жніўня 1893 году ў вёсцы Стырніене ля гараду Лудза (латыш. Ludza) ў Латгаліі (тады ў Віцебскай губерні). У 1909 годзе скончыў вучылішча ў Рэзекне, потым вучыўся ў Пецярбурскай Семінарыі і Духоўнай Акадэміі, дзе ягоным сакурснікам быў а. Антон Неманцэвіч), аж да яе закрыцця ў 1918 годзе.

Быў рукапакладзены на святара 21 студзеня 1917 г. і нёс служэнне вікарнага святара ў рыма-каталіцкім храме св. Кацярыны ў Пецярбурзе ды настаяцеля ў Шлісельбурзе, а таксама служыў набажэнствы ў Петразаводску і Кранштаце. З сакавіка 1923 году служыў у храме св. Баніфацыя і быў настаяцелем храма св. Станіслава. З 9 чэрвеня па 3 верасня 1924 году служыў вікарыем у храме святых Пятра і Паўла ў Маскве.

У 1925 годзе нёс служэнне ў касцёле св. Барбары ў Віцебску, з канца 1925 году зноў апынуўся ў Ленінградзе, у храме св. Кацярыны.

13 жніўня 1926 году быў тайна рукапакладзены ў сан біскупа і прызначаны Апостальскім Адміністратарам Магілёўскай епархіі.

Да 1941 году з’яўляўся рэктарам Рыжскай духоўнай семінарыі. У 1941 годзе быў арыштаваны ў Рызе нямецкімі акупантамі і адпраўлены ў канцлагер у Нямеччыну, але быў вызвалены пасля ўмяшальніцтва нямецкіх біскупаў. Пасля вызвалення жыў у Айхштэце ў Баварыі. З 1946 жыў у Бельгіі, з 1951 году знаходзіўся ў бенедыктынскім манастыры каля Лювэна.

9 снежня 1952 году быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-каталікоў у Заходняй Еўропе, а з 14 лютага 1953 году з’яўляўся Апостальскім Візітатарам таксама і для каталікоў лацінскага абраду.

З 1955 г. апекаваўся таксама супольнасцямі латышскіх, эстонскіх ды рускіх каталікоў у эміграцыі.

Мала кто ведае, што Біскуп Баляслаў падтрымліваў духова беларускага кампазітара Міколу Равенскага, які жыў на той час у Бельгіі. Ён фінансава патрымліваў таксама беларускія эміграцыйныя выданьні - “Зніч” (Рым), “Божым шляхам” (Парыж, Лондан) і інш.

Уладыка Баляслаў Слосканс удзельнічаў у З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Рыме ў 1960 годзе, пасля якога ў хуткім часе Яго Святасць Папа Павел VI прызначыў біскупам а. Чэслава Сіповіча ды перадаў яму служэнне Апостальскага Візітатара для беларусаў.

З 1979 г. Біскуп Баляслаў жыў у манастыры ў мястэчку Корбеек-Ло (нідэрл. Korbeek-Lo) у Бельгіі. Памер 18 красавіка 1981 году ў Брусэлі.

У 1993 г. цела Баляслава Слосканса было перанесена ў Аглонскую базіліку ў Латгаліі. У красавіку 2000 году паводле ініцыятывы латвійскага епіскапата быў распачаты працэс ягонай беатыфікацыі. 8 лістапада 2004 году ўсе сябры рады, якая займалася разглядам ягонай справы, прагаласавалі за вызнанне жыцця і дзейнасці Біскупа Баляслава дабрадзейнымі.

21.04.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier