Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


9.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

ЦАРКВА – МЕСЦА СЛУЖЭНЬНЯ І АДКАЗНАСЬЦІ
Чацьвер, 9 ліпеня, у праграме Пілігрымкі быў Днём малітвы за сьвятароў і семінарыстаў.
Раніцай у капліцы Маці Божай Фацімскай і сьв. Язафата ў Шуміліна была адслужаная Боская Літургія, якую ўзначаліў Протапрэзьбітар Усходняга дэканата а. Зьміцер Грышан, а казаньне пра “Крыж Хрыста – знак любові” прамовіў менскі душпастыр а. Яўген Усошын.

“Сёлета, калі ў Каталіцкай Царкве сьвяткуецца Год Сьвятарства, уласна пілігрымка дае нам магчымасьць ацаніць важнасьць для Царквы “службовага” сьвятарства. Адначасова, яна немагчымая без чыннага ўдзелу сьвецкіх вернікаў, і нагадвае ўсім нам пра агульнае пакліканьне да “царскага сьвятарства” і пра важнасьць служэньня і адказнасьці ў Царкве для кожнага хрысьціяніна” – сказаў а. Лявонцій у размове пра Пілігрымку.
8.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

ПРАВЕДНЫ ЯЗЭП – МАЛІТОЎНЫ ЗАСТУПНІК СЕМ’ЯЎ
Серада, 8 ліпеня, першы дзень XV грэка-каталіцкай пілігрымкі, быў Днём малітвы за сем’і Беларусі.

Пасьля доўгага шляху ў 40 кіламетраў, які мужна прайшлі пілігрымы з Віцебска, у Шуміліне іх гасьцінна сустракалі манахі–місіянеры Аблаты Беззаганнай Дзевы Марыі.
У рыма-каталіцкай капліцы Маці Божай Фацімскай і сьв. Язафата ў 18:30 была адслужаная Боская Літургія, якую ўзначаліў менскі душпастыр а. Пахом (Кавалёў).

У казаньні ён нагадаў, што cем’і Беларусі вельмі патрабуюць малітвы хрысьціянскіх Цэркваў.
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква рупліва моліцца і нястомна клапоціцца, каб усе сем’і Беларусі былі школамі любові да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і культуры.
7.07.2009
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

МАЛІТВАМІ І ЗАСТУПНІЦТВАМ БАГАРОДЗІЦЫ
Перад Іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая зьяўляецца іконай Маці Божай Балеснай, у Душпастырскім цэнтры па зав. Сьнежным у Менску маліліся сёньня ўвечары менскія вернікі, вырушаючы ў Віцебск. У малітве ўдзельнічалі таксама і тыя, хто захацеў далучыцца да Пілігрымкі духова.
Боскую Літургію ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні а. Пахома (Кавалёва), які таксама адправіўся ў Пілігрымку.

“Госпадзе, зрабі простым наш шлях...,
кіруй нашымі крокамі,
малітвамі і заступніцтвам усяслаўнае Багародзіцы
і заўсёды Дзевы Марыі”

- прачытаў малітву Архімандрыт.
6.07.2009
Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча
Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча адбылася ў горадзе Сандомір (Sandomierz) у Польшчы 4 ліпеня 2009 году.

Хіратонію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы архібіскуп Юзэф Кавальчык у саслужэньні Мітрапаліта Гданьскага архібіскупа Славоя Лешэка Глудзя і Мітрапаліта Люблінскага архібіскупа Юзэфа Жыцінскага, а таксама Мітрапаліта Шчэцінскага архібіскупа Андрэя Дзенгі і Архібіскупа Кірыла (Васіля), Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
На хіратоніі прысутнічалі 38 ярархаў, сярод якіх Мітрапаліт Пярэмыска-Варшаўскі УГКЦ Уладыка Ян (Мартыняк) і Мітрапаліт Прэшаўскі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладыка Ян (Бабяк).

З Беларусі на хіратонію прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ.
4.07.2009
XV штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка
Віцебск – Полацак: 7 – 12 ліпеня 2009


”КРЫЖ ХРЫСТА – ЗНАК ЛЮБОВІ”
З 7 па 12 ліпеня 2009 г. пройдзе XV штогадовая грэка-каталіцкая Пілігрымка з Віцебску ў Полацак.

У гэтым годзе Пілігрымка праходзіць пад дэвізам “Крыж Хрыста – знак любові”.

Пілігрымка, што пачалася 15 год таму, для ушанаваньня памяці 5-ці Полацкіх пакутнікаў - базылянскіх манахаў забітых у 1705 году, кожны год праходзіць пакутніцкі шлях сьв. Святамучаніка Язафата і Полацкіх пакутнікаў.
Кожны год Пілігрымка атрымлівае новы дэвіз, які ўпісваецца ў душпастырскую праграму Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы дадзенага году.
Кожны – хрысьціянін, чалавек, які шукае Бога, які любіць сваю Бацькаўшчыну Беларусь, можа далучыцца да Пілігрымкі і прайсьці гэты шлях у супольнай малітве і любові.
Кантакт: а. Андрэй Буйніч (029)566.24.14 (МТС), (044)776.24.14 (VEL)
Адказны за Пілігрымку: а. Протапрэзьбітар Зьміцер Грышан (029) 210.80.95 (МТС), (029) 675.29.97(VEL)
3.07.2009
МАЛІТВА ЗА БАЦЬКАЎШЧЫНУ
3 ліпеня раніцай – у 8:00 гадз. грэка-католікі Менска далучыліся да міжканфесійнай ініцыятывы малітвы за Бацькаўшчыну - у салідарнасьці з братамі рыма-католікамі, праваслаўнымі ды пратэстантамі.

Набажэнства, якое праходзіла ў Душпастырскм цэнтры Маці Божай Нястомнай Дапамогі, што на зав. Сьнежным, 7, узначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні душпастыраў менскіх парафіяў ды а. Андрэя Буйніча з Ліды.
3.07.2009
Разам перад Іконай Маці Божай Будслаўскай
Грэка-каталікі на фэсьце ў Будславе

З 1 па 2 ліпеня ў Будславе адбылося агульнабеларускае сьвята іконы Маці Божай Будслаўскай. З розных куткоў Беларусі ў Будслаў прыбыло некалькі тысяч пілігрымаў.
Па традыцыі, да сьвяткаваньня далучыліся і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Дзякуючы ахвярнасьці семінарыстаў БГКЦ і с. Вікторыі, падчас сьвята працаваў інфармацыйны намёт БГКЦ, у якім можна было атрымаць зьвесткі пра гісторыю і дзейнасьць Царквы, набыць рэлігійную літаратуру, памятныя іконкі, значкі.

Увечары 1 ліпеня быў адслужаны акафіст да Найсьвятой Багародзіцы, які сёлета падрыхтаваў мінскі маладзёвы міжпарафіяльны хор “Прасфара”. Далучыцца да сьпеву маглі ўсе прысутныя.
19.06.2009
Сёньня ў Грэка-каталіцкім Цэнтры сьв. Язэпа адкрыцьцё Году сьвятарства
У чацьвер 19 чэрвеня 2009 г.прыпадае першая гадавіна сустрэчы Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Рымскага Бенядыкта XVI Кардынала Тарчызіо Бэртонэ з Супольнасьцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды асьвячэньня ім Грэка-каталіцкага цэнтра імя сьвятога і праведнага Язэпа ў Менску (вул. Арджанікідзэ, 6).

У той жа дзень Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI адчыніць Год сьвятарства ў Паўсюдняй Царкве, дэвіз якога — «Вернасьць Хрыста, вернасьць святара».
19.06.2009
Біскупская хіратонія Ўладыкі Кірыла (Васіля) - Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Αξιος, Аксіос, Aksios!

У нядзелю 14 чэрвеня 2009 г., у рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася біскупская хіратонія Ўладыкі Кірыла (Васіля), новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. У той самай базыліцы, у якой Папа Гадрыян ІІ ў 869 г. (гэта значыць - 1140 год раней) высьвяціў на біскупа Апостала Славянаў - сьв. Мятода (Салунскага).
18.06.2009
Кардынал Філіп Барбарэн маліўся ў Альбярціне
7-10 чэрвеня 2009 г. Прымас Францыі, Архібіскуп Ліёну Кардынал Філіп Барбарэн наведаў Беларусь.
Кардынал разам са сваёй дэлегацыяй сустракаўся з ерархамі розных канфесіяў Беларусі: Мітрапалітам Філарэтам (Праваслаўная Царква), Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам (Рыма-каталіцкая Царква) ды Архімандрытам Сяргеям Гаекам (Грэка-каталіцкая Царква), які 8 чэрвеня саслужыў з Кардыналам сьв. Імшу ў мінскай рыма-каталіцкай катэдры.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier