Грэка-каталікі на фэсьце ў БудславеЗ 1 па 2 ліпеня ў Будславе адбылося агульнабеларускае сьвята іконы Маці Божай Будслаўскай. З розных куткоў Беларусі ў Будслаў прыбыло некалькі тысяч пілігрымаў.
Па традыцыі, да сьвяткаваньня далучыліся і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Дзякуючы ахвярнасьці семінарыстаў БГКЦ і с. Вікторыі, падчас сьвята працаваў інфармацыйны намёт БГКЦ, у якім можна было атрымаць зьвесткі пра гісторыю і дзейнасьць Царквы, набыць рэлігійную літаратуру, памятныя іконкі, значкі.
Увечары 1 ліпеня быў адслужаны акафіст да Найсьвятой Багародзіцы, які сёлета падрыхтаваў мінскі маладзёвы міжпарафіяльны хор “Прасфара”. Далучыцца да сьпеву маглі ўсе прысутныя.
А 2:00 гадз., падчас начнога чуваньня, на галоўным алтары Будслаўскай базілікі была адслужаная Боская Літургія ўсходняга абраду, якую ўзначаліў а. Андрэй Буйніч. Яму саслужылі грэка-каталіцкія сьвятары – прадстаўнікі двух Протапрэзьбітаратаў: а. Яўген Усошын (протапрэзьбітарат Цэнтральна-заходні) ды а. Алесь Шыбека і а. Васіль Ягораў (протапрэзьбітарат Усходні).
У дзень сьвята 2 ліпеня, а 10.30 адбылася ўрачыстая Сьвятая Імша, якую ўзначаліў кардынал Казімір Свёнтэк. Акрамя ўсіх беларускіх ярархаў (разам з Архімандрытам Сяргеем), Сьвятую Імшу саслужылі лацінскія і грэка-каталіцкія сьвятары з усёй Беларусі.
Пасьля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія, ў якой прынялі ўдзел сьвятары і вернікі двух абрадаў.