7-10 чэрвеня 2009 г. Прымас Францыі, Архібіскуп Ліёну Кардынал Філіп Барбарэн наведаў Беларусь.
Кардынал разам са сваёй дэлегацыяй сустракаўся з ерархамі розных канфесіяў Беларусі: Мітрапалітам Філарэтам (Праваслаўная Царква), Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам (Рыма-каталіцкая Царква) ды Архімандрытам Сяргеям Гаекам (Грэка-каталіцкая Царква), які 8 чэрвеня саслужыў з Кардыналам сьв. Імшу ў мінскай рыма-каталіцкай катэдры.
Напрыканцы візіту ў Беларусь – 9 чэрвеня французскія госьці наведалі Жыровічы, Слонім ды Альбярцін.
У касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме, дзе знаходзіцца копія цудатворнай Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, Кардынал Філіп узначаліў сьв. Імшу, якую разам са сьвятарамі лацінскага абраду саслужылі грэка-каліцкія сьвятары а. Андрэй Крот (Горадня), а. Андрэй Буйніч (Ліда) ды а. Алесь Шаўцоў (Полацк). Акрамя таго, на сьв. Імшы прысутнічалі вернікі Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Жыровіцкай Іконы Маці Божай ды прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, якія суправаджалі высокага Госьця.
У дэлегацыі разам з Кардыналам прыехалі і французкія сьвятары – езуіты. Калі яны даведаліся, што знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад Альбярціна, месца, дзе ў 20-40-я гады ХХ стагоддзя размяшчалася Усходняя Місія айцоў-езуітаў, то яны вырашылі туды наведацца. Тым больш, што адзін езуіт з дэлегацыі Кардынала ведаў асабіста першага кіраўніка Усходняй Місіі а. Васіля Буржуа. У Альбярціне да групы грэка-каталіцкіх сьвятароў далучыліся яшчэ Протапрэзьбітар Усходняга Протапрэзьбітарату а. Зьміцер Грышан ды менскі душпастыр а. Яўген Усошын.
Гісторыкі нашай Царквы а. Андрэй Крот і а. Яўген Усошын далі высокім гасьцям зь Ліёну кампетэнтнае гістарычнае паясьненьне значэньня Альбярцінскай Місіі.
Як вядома, Усходня Місія была ліквідаваная пасьля мучаніцкай сьмерці ў 1943 годзе ў мінскіх засьценках гестапа а. Антона Неманцэвіча, які быў экзархам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Сустрэча закончылася малітвай ля крыжа, усталяванага ва ўспамін айцоў-езуітаў, што працавалі ў Альбярціне.
Павел Дайлід (Івацэвічы)