Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча адбылася ў горадзе Сандомір (Sandomierz) у Польшчы 4 ліпеня 2009 году.
Хіратонію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы архібіскуп Юзэф Кавальчык у саслужэньні Мітрапаліта Гданьскага архібіскупа Славоя Лешэка Глудзя і Мітрапаліта Люблінскага архібіскупа Юзэфа Жыцінскага, а таксама Мітрапаліта Шчэцінскага архібіскупа Андрэя Дзенгі і Архібіскупа Кірыла (Васіля), Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
На хіратоніі прысутнічалі 38 ярархаў, сярод якіх Мітрапаліт Пярэмыска-Варшаўскі УГКЦ Уладыка Ян (Мартыняк) і Мітрапаліт Прэшаўскі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладыка Ян (Бабяк).
З Беларусі на хіратонію прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ.
У гаміліі Мітрапаліт гданьскі Славой Лешэк Глудзь падкрэсьліў, што біскуп паводле Божай пастановы зьяўляецца сапраўдным наступнікам апосталаў, і назваў яго чарговым ”лаўцом людзей”. Пасьля, характарызуючы асяроддзе, з якога паходзіць біскуп-намінат, назваў асаблівым яго знакам Маці Міласэрнасьці, якая ”у Віленскай Вострай Браме сьвеціць і вядзе людзей той зямлі да Хрыста”. З Беластоку таксама паходзіў а. Міхал Сапоцька, апостал праўды пра Божую Міласэрнасьць, пастулятарам якога ў беатыфікацыйным працэсе быў а. Крыштаф Ніткевіч.
Біскуп Крыштаф Ніткевіч нарадзіўся 17 ліпеня 1960 году ў Беластоку. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 19 чэрвеня 1985 году з рук біскупа Эдварда Кіселя, Апостальскага Адміністратара архідыяцэзіі ў Беластоку. З 1992 году працаваў у Ватыканскай Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, дзе, між іншым, займаўся справамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. У 2002 годзе стаўся падсакратаром гэтай Кангрэгацыі. Мансіньёр Крыштаф Ніткевіч быў таксама рэктарам (настаяцелем) армянскага храма сьв. Ўласа (Блажэя) у Рыме і пастулятарам у беатыфікацыйным працэсе а. Міхала Сапоцькі, які ў мінулым годзе быў абвешчаны блаславёным.
13 чэрвеня Папа Бенядыкт XVI намінаваў яго біскупам Сандомірскім. У якасьці біскупскага дэвізу Ўладыка абраў словы "Misericordias Domini cantabo” (Буду сьпяваць Міласэрнасьць Госпада).
Як знак удзячнасьці ад беларускіх грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей перадаў Уладыку Крыштафу копію Іконы Маці Божай Жыровіцкай.
Фота: Dariusz Woźniczka