Пошук

Каляндар

 


2.03.2014
Папа Францішак звярнуўся з заклікам у сувязі з сітуацыяй ва УкраінеПапа Рымскі Францішак скіраваў зварот да вернікаў, палітыкаў і міжнароднай супольнасці ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ва Украіне.

Пасля традыцынай нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” 2 сакавіка 2014 г., звяртаючыся з вакна Апостальскага палацу ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў працягваць “маліцца за Украіну, якая перажывае далікатную сітуацыю”. “

У той жа час, заклікаю ўсе кампаненты краіны прыкладаць намаганні для пераадолення непаразуменняў і будавання разам будучыні дзяржавы. Звяртаюся да міжнароднай супольнасці са шчырым заклікам патрымаць усе ініцыятывы на карысць дыялога і згоды”, сказаў Папа Францішак.

Паводле матэрыялаў “Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё”
2.03.2014
Зварот Украінскіх  Цэркваў і рэлігійных арганізацый з прычыны іншаземнай агрэсііДарагія браты і сёстры!

У гэты цяжкі час, калі вайсковыя падраздзяленні Расійскай Федэрацыі, парушаючы міжнародныя і двухбаковыя пагадненні, увайшлі на суверэнную тэрыторыю Украіны, а Савет Федэрацыі на зварот Прэзідэнта Расіі даў згоду пра ўвядзенне расійскіх войскаў ва Украіну, – мы найперш заклікаем усіх вас і ўсіх людзей добрай волі да салідарнасці з намі, да малітвы за Украіну і ўкраінскі народ.
Мы заклікаем улады Расіі апамятацца і спыніць агрэсію супраць Украіны, неадкладна вывесці свае войскі з украінскай зямлі. Уся адказнасць перад Богам і перад чалавецтвам за непапраўныя наступствы далейшай эскалацыі гвалту цалкам кладзецца на кіраўнікоў Расіі.
У нашай дзяржаве няма пераследванняў за мову, за прыналежнасць да пэўнай нацыі, веравызнання. Таму мы сведчым – усе спробы расейскай прапаганды прадставіць падзеі ва Украіне як «фашысцкі пераварот» і «перамогу экстрэмістаў» абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці.
28.02.2014
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі28 лютага ў Экзархаце Беларускай Праваслаўнай Царквы адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Паўлам. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў духу братэрства і ўзаемаразумення, бакі абмеркавалі развіццё адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, асабліва ў галіне абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.
23.02.2014
ПЕРШАІЕРАРХ УГКЦ ПАДЗЯКАВАЎ КАТОЛІКАМ БЕЛАРУСІЯго Блаславенства Святаслаў, Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі, Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, публічна падзякаваў біскупам, духавенству і вернікам Каталіцкай Царквы ў Беларусі за малітоўную салідарнасць і падтрымку.

У нядзелю, 23-га лютага 2014 г., Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў (Шаўчук) узначаліў Боскую Літургію ва ўкраінскім грэка-каталіцкім саборы Святой Сафіі ў Рыме, якую саслужылі уладыка Гліб (Лончына) з Лондана, архімандрыт Сяргей (Гаек) з Беларусі, ды украінскія грэка-каталіцкія душпастыры з наваколляў Рыму.

У Літургіі ўдзельнічала некалькі соцень украінскіх грэка-католікаў ды група італьянскіх рыма-католікаў.
23.02.2014
Слова духоўнай салідарнасці з УкраінайАпостальскі Візітатар БГКЦ накіраваў Яго Блаславенству Святаславу, Вярхоўнаму Архібіскупу Кіева-Галіцкаму, Першаіерарху Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, ліст са словамі духоўнай салідарнасці.
21.02.2014
У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі праходзіць эстафета малітвы за УкраінуАд пачатку бягучага тыдня ў грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях Беларусі праходзіць эстафета малітвы за Украіну. У Мінску эстафету малітвы пачалі ў аўторак,18 лютага, валанцёры Руху св. Мікалая ў парафіяльнай капліцы св. Язэпа. Эстафету пераняла парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі (серада), далей – парафія св. Мікалая (чацвер), парафія Праведнага Язэпа (пятніца). 22 лютага, у Мясапусную бацькоўскую суботу, у грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі будуць служыцца памінальныя Службы за ўсіх ахвяраў гвалту на Кіеўскім Майдане. У пятніцу ўвечары, 21 лютага, – напярэдадні Бацькоўскай суботы – памінальныя Службы былі адслужаныя ў парафіях Праведнага Язэпа і Святога Духа.

У суботу, 22 лютага, а 10-ай гадз. заупакойная служба за ахвяраў Кіеўскага Майдана будзе адслужана ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі па зав. Снежным, д. 7.
21.02.2014
Нядзеля, 23 лютага - Дзень малітвы за УкраінуКанферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абвясціла нядзелю 23 лютага 2014 г. Днём малітвы за Украіну.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

З вялікім непакоем мы сочым за тым, што адбываецца ў апошні час ва Украіне. Дадзеная сітуацыя з’яўляецца для нас заклікам да малітоўнай салідарнасці ў інтэнцыі мірнага вырашэння гэтага драматычнага канфлікту.

Папа Францішак заахвоціў да мірнага заканчэння канфлікту ва Украіне, запэўніўшы ў сваёй блізкасці да ўкраінскага народа і малітве за ахвяр насілля, членаў іх сем’яў і параненых.

Па прыкладзе Святога Айца звяртаемся з вялікай просьбай да ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб нядзеля 23 лютага гг. стала Днём малітвы і посту ў інтэнцыі Украіны.

Заахвочваем, каб у гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах нашай краіны падчас святых Імшаў і эўхарыстычных набажэнстваў узносілася малітва за Украіну, каб усе бакі спынілі любыя акты насілля і шукалі згоды і міру.

Міласэрнаму Богу давяраем усіх ахвяраў гэтага канфлікту, а сем’і загінуўшых запэўніваем у малітоўнай памяці, выказваючы ім словы сардэчнага спачування.

Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 21 лютага 2014 г.
19.02.2014
Святы Айцец Францішак пацвердзіў Архімандрыта Сяргея кансультарам Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў19 лютага 2014 Святы Айцец Францішак прыняў наступныя кадравыя рашэнні ў Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў:

- пацвердзіў Прэфекта Кангрэгацыі Яго Эмінэнцыю Кардынала Леанарда Сандры і Сакратара Кангрэгацыі Высокадастойнага Архібіскупа Кірыла Васіля, S.I.;

- прызначыў новых членаў Кангрэгацыі, сярод якіх і Уладыку Йосіфа Верта, Біскупа Епархіі Перамянення Гасподняга ў Навасібірску і Ардынарыя для грэка-католікаў у Расійскай Федэрацыі.

- пацвердзіў кансультараў Кангрэгацыі, сярод якіх Архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі, і мітрафорнага протаіерэя Васіля Гаверу, Апостальскага Дэлегата для грэка-католікаў у Казахстане і Сярэдняй Азіі.
19.02.2014
Заклік Першаіерарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Цаквы Святаслава з прычыны канфлікту ва УкраінеЗ вялікай прыкрасцю сцвярджаю, што заклікі Цэркваў пра недапушчэнне кровапраліцця і мірнае ўрэгуляванне канфлікту не было пачута. У імя Божае асуджаю гвалт, неабачнасць і грэбаванне правамі чалавека і воляй народа. Падкрэсліваю, што той, хто мае ўладу, нясе ўсю паўнату адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне.

Звяртаюся да ўсіх: неадкладна спыніце кровапраліцце!
Заклікаю ўсіх дзяцей Царквы да посту, малітвы і салідарнасці з пацярпелымі.
У гэты момант, калі над Украінай навісла бяда братазабойства, хай ва ўсіх храмах УГКЦ звоняць званы.

+ Святаслаў, Кіеў, 18.02.2014
19.02.2014
Святы Айцец Францішак заклікаў да згоды і міру ва УкраінеЯго Святасць Папа Францішак заклікаў да мірнага заканчэння канфлікту ва Украіне.
“З глыбокай занепакоенасцю я сачу за тым, што адбываецца ў гэтыя дні ў Кіеве”, - прызнаўся Святы Айцец 19 лютага 2014 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая праходзіла на плошчы св. Пятра.

“Я запэўніваю ў маёй блізкасці да ўкраінскага народу і малюся за ахвяр насілля, членаў іх сем’яў і параненых.
Заклікаю ўсе бакі спыніць любыя акты насілля і шукаць згоды і міру ў краіне”, - сказаў Папа.

Рэакцыя Святога Айца паследавала пасля інфармацыі аб шматлікіх смяротных ахвярах супрацьстаяння ў Кіеве.
Гэта не першы за апошнія тыдні заклік Папы Францішка да мірнага вырашэння палітычнага крызісу і канфлікту ва Украіне.

Паводле Беларускай Праграмы Radio Vaticana

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier