Яго Блаславенства Святаслаў, Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі, Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, публічна падзякаваў біскупам, духавенству і вернікам Каталіцкай Царквы ў Беларусі за малітоўную салідарнасць і падтрымку.У нядзелю, 23-га лютага 2014 г., Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў (Шаўчук) узначаліў Боскую Літургію ва ўкраінскім грэка-каталіцкім саборы Святой Сафіі ў Рыме, якую саслужылі уладыка Гліб (Лончына) з Лондана, архімандрыт Сяргей (Гаек) з Беларусі, ды украінскія грэка-каталіцкія душпастыры з наваколляў Рыму.
У Літургіі ўдзельнічала некалькі соцень украінскіх грэка-католікаў ды група італьянскіх рыма-католікаў.
Гэта была сумесная малітва за Украіну, за мір і справядлівасць, а таксама за супакой бязвінна загінулых Кіеўскага Майдана.
Напрыканцы Боскай Літургіі Вярхоўны Архібіскуп Святаслаў перадаў на рукі архімандрыта Сяргея словы падзякі іерархам, духавенству ды вернікам Каталіцкай Царквы ў Беларусі за падтрымку і малітоўную салідарнасць у рамках агульнабеларускага Дня посту і малітвы за Украіну, які абвясціла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
“Гэта вельмі каштоўны знак духоўнай салідарнасці і братэрскай падтрымкі для нас ва Украіне з боку братоў католікаў у Беларусі. І мы вам за гэта вельмі ўдзячныя,” – сказаў Уладыка Святаслаў.