Папа Францішак звярнуўся з заклікам у сувязі з сітуацыяй ва Украіне
 Папа Рымскі Францішак скіраваў зварот да вернікаў, палітыкаў і міжнароднай супольнасці ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ва Украіне. Пасля традыцынай нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” 2 сакавіка 2014 г., звяртаючыся з вакна Апостальскага палацу ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў працягваць “маліцца за Украіну, якая перажывае далікатную сітуацыю”. “ У той жа час, заклікаю ўсе кампаненты краіны прыкладаць намаганні для пераадолення непаразуменняў і будавання разам будучыні дзяржавы. Звяртаюся да міжнароднай супольнасці са шчырым заклікам патрымаць усе ініцыятывы на карысць дыялога і згоды”, сказаў Папа Францішак. Паводле матэрыялаў “Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё”
|