Увечары 18 жніўня па запрашэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Чырвоным касцёле на супольную малітву за Беларусь разам сабраліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу.Малітва была прымеркавана да агульнаеўрапейскай акцыі малітоўнай салідарнасці з беларускім народам, якая праходзіла па ініцыятыве Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру
Iustitia et Pax.
Па дарозе ў касцёл святога Сымона і святой Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч затрымаўся каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Каля сцен старадаўняга астрога іерарх разам з сабранымі людзьмі, якія пратэстуюць супраць незаконных затрыманняў, памаліўся адну таямніцу святога Ружанца.
А 19-й гадзіне па мінскім часе, калі хрысціяне ўсёй Еўропы маліліся за Беларусь, сабраныя ў Чырвоным касцёле разам памаліліся «Ойча наш».