Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Гродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэі  


Гродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэі16 жніўня ў гістарычным цэнтры Гродна разам сабраліся на малітве духавенства і вернікі хрысціянскіх Цэркваў: праваслаўныя, католікі, грэка-католікі, пратэстанты, прадстаўнікі евангельскай і юдэйскай рэлігійных супольнасцяў.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, у гэты цяжкi для Бацькаўшчыны час яны ў адзін голас прасілі Бога за нашу краіну, якая нагадвае сёння ўзбуранае мора. Людзі маліліся за мірнае вырашэнне крызіснай сітуацыі і вызваленне нявінна затрыманых у Беларусі.

Прадстаўнікі розных канфесій нагадалі аб важнасці ўзаемнага прабачэння, навяртання і жыцця па Божых запаведзях.

Малітоўнае шэсце пачалося ад каталіцкай катэдры святога Францішка Ксавэрыя. Удзельнікі прайшлі да месца, дзе калісьці стаяла Фара Вітаўта, узарваная бязбожнымі савецкімі ўладамі ў 1961 годзе, а адтуль скіраваліся да гродзенскага гета. Завяршылася малітва каля будынка харальнай сінагогі.

«Мы вельмі радыя, што гэтая ініцыятыва якая ўзнікла за адзiн дзень, змагла аб’яднаць вернікаў розных хрысціянскіх канфесій, а таксама прадстаўнікоў юдэйскай супольнасці і грамадскіх арганізацый горада Гродна.

У гэты складаны час мы будзем працягваць разам маліцца аб міры і аб перамозе ад Госпада для ўсёй Беларусі!»

— дзеляцца арганізатары малітоўнай ініцыятывы Яўген i Таццяна Калодзіны з міжканфесійнага юдэйска-хрысціянскага служэння «Шомэр Інтэрнэшнл».

Супольная малітва паказала, што вернікам незалежна ад канфесійнай прыналежнасці важна, каб наша краіна была шчаслівая, а людзі, якія жывуць у ёй, маглі адчуваць сябе ў бяспецы. Усе яе ўдзельнікі заклапочаны тым, каб у Беларусі запанавалі жаданы мір, еднасць і згода.

Гродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэіГродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэіГродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэіГродна: у цэнтры горада разам маліліся хрысціяне розных канфесій і юдэі



Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Эвеліна Лукашэвіч / Grodnensis.by

17.08.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier