Пошук

Каляндар

 


6.09.2009
НА ШЛЯХУ СУПРАЦОЎНІЦТВА ХРЫСЦІЯНСКІХ ЦЭРКВАЎ
Каталіцка-праваслаўны сімпозіум у Рыме

Постаці св. Аўгустына прысвечаны праваслаўна-каталіцкі сімпозіум у Рыме, арганізатарамі якога з’яўляюцца Папскі універсітэт «Antonianum» і грэчаскі Універсітэт Арыстоцеля ў Салоніках.
Гэта ўжо адзінаццатая сустрэча тэолагаў абедзвюх навучальных устаноў.

Мэтаю кангрэса з’яўляецца не толькі выпрацоўка супольнай пазіцыі ў канкрэтных рашэннях, але і лепшае ўзаемапазнанне.
Папярэднія сімпозіумы датычылі такіх пытанняў як малітва, духоўнасць Еўропы і жыццё Касцёла.

Сёлетняя сустрэча распачалася 3 верасня каталіцкай літургіяй, а завершылася ў суботу 5 верасня Нешпарамі ў праваслаўнай царкве.
2.09.2009
“ГАСПОДЗЬ ДАЕ МУДРАСЬЦЬ”
ПАЧЫНАЮЦЦА КАТЭХІТЫЧНЫЯ СУСТРЭЧЫ СТУДЭНЦКАЙ МОЛАДЗІ

Біблійныя словы: “Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго – веды і розум” (Выслоўі Саламона 2:6) – гэта дэвіз катэхітычных сустрэчаў для студэнтаў Менску.

Першая сустрэча адбудзецца ў сераду 2 верасьня 2009 г. ў 19:30 гадз. ў капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага Цэнтра сьв. Язэпа па вул. Арджанкідзэ 6.
Ст. метро “Аўтазаводская”, далей на лева па вул. Цэнтральнай; 3-я вуліца направа.

Узначаліць катэхітычныя сустрэчы а. Аляксандр Аўдзяюк, адказны за душпастырскую апеку студэнтў у г. Менску (тэл. МТС: 522.70.19)

На катэхізацыю шчыра запрашаем студэнтаў, таксама і тых, якія прыехалі ў Менск на навучаньне.
2.09.2009
11-я угодкі сьмерці а. Яна Матусевіча
Паніхіда на Кальварыйскіх могілках 2 верасьня ў 17:30

Адзінаццаць гадоў таму памёр а. Ян Матусевіч. Першы пробашч адноўленай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску і першы Дэкан грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Айцец Ян Матусевіч нарадзіўся 24 ліпеня 1948 года, паходзіў з беларускай сям’і з уніяцкімі каранямі. Адчуўшы ў маладыя гады пакліканьне да святарскага служэньня ў Каталіцкай Царкве а. Ян быў пазбаўлены магчымасці яго зрэалізаваць, таму ў 1972 годзе ён паступіў у праваслаўную семінарыю ў Смаленску і ў 1974 годзе быў высьвячаны на сьвятара.
У 1979 годзе а. Ян далучыўся да Каталіцкай Царквы і з 1979 года да 1990 года выконваў абавязкі пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Барунах.

Менавіта ў Баруны ў 1989 годзе на сьвята сьв. Язафата прыяжджала група беларускай уніяцкай моладзі, якая яшчэ была пазбаўлена пастырскай апекі.
2.09.2009
”ГОД СПАГАДЛІВАСЬЦІ ГОСПАДА”
Пачатак новага царкоўнага году

1 верасьня хрысьціяне візантыйскай традыцыі, якія ідуць за новым (грыгарыянскім) каляндаром - сьвяткуюць пачатак новага царкоўнага году. Гэта традыцыя паходзіць з Візантыі, дзе верасень быў пачаткам грамадзянскага году.

Традыцыйна ў гэты дзень ў царкве чытаецца эвангельскае зачала (зач. 13 Ев. Лукі) пра навучаньне Ісуса ў назарэцкай сінагозе (Лк 4, 16-32).
У гэтым эвангельскім урыўку чытаем пра прыход Госпада Ісуса Хрыста ў Назарэт, дзе Ён у суботу ўвайшоўшы у сінагогу, разгарнуў кнігу прарока Ісаі і прачытаў сабраным прароцтва пра Памазаньніка, які мае місію несьці Добрую Вестку ўбогім, вяшчаць свабоду вязьням, вяртаць сьляпым зрок, адпусьціць прыгнечаных на свабоду і вясьціць ”год спагадлівасьці Госпада”.
У еднасьці з Хрыстом-Памазаньнікам Божым мы адкрылі новы царкоўны год – год Божай ласкі.
30.08.2009
“ГАСПОДЗЬ ДАЕ МУДРАСЬЦЬ”
БЛАСЛАВЕНЬНЕ НА ПАЧАТАК НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ

Біблійныя словы: “Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго – веды і розум” (Выслоўі Саламона 2:6) – гэта дэвіз малітоўнай службы, якая будзе адслужана для студэнтаў Менску ў нядзелю 30 жніўня 2009 г., а 18:00 гадзіне, у дольнай капліцы касьцёла сьв. Сымона і Алены.

Пасьля Боскай Літургіі будзе адслужаны Малебен аб ласцы Духа Сьвятога перад пачаткам навучаньня.
27.08.2009
Менскія грэка-католікі ўдзельнічалі ў заканчэньні перэгрынацыі Абраза Ісуса Міласэрнага
У мінулую нядзелю, 23 жніўня 2009 г., у Менску прайшлі ўрачыстасьці заканчэньня перэгрынацыі Абраза Ісуса Міласэрнага і рэліквій Блаславёнага Міхала (Сапоцькі) па парафіях рыма-каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Узначалілі сьвяткаваньні Архібіскуп Кёльнскі, кардынал Ёахім Майснэр і Архібіскуп-Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з братамі рыма-католікамі сьвяткавалі вернікі ўсіх менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў і два менскіх грэка-каталіцкіх душпастыра – ераманах Пахом (Кавалёў) і а. Яўген Усошын.

На ўрачыстасьці прыбылі таксама грэка-католікі з Маладэчна, якія ў сваім горадзе моляцца ў грэка-каталіцкім Санктуарыі Божай Міласэрнасьці.
У маладэчанскай сьвятыні ўшаноўваюцца Ікона Хрыста Чалавекалюбца ды Ікона Блаславёнага сьвятара Міхала (Сапоцькі).
25.08.2009
КАРАНАВАНЬНЕ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ МАЦІ БОЖАЙ
У суботу, 22 жніўня 2009 г., у Браславе, пад адкрытым небам, на платформе зробленай у выглядзе карабля, размешчанай непасрэдна каля Браслаўскага Санктуарыя, была каранаваная папскімі каронамі Браслаўская Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў.

Сьвятую Імшу ўзначаліў, прамовіў казаньне ды зьдзейсьніў Акт каранаваньня Архібіскуп Кёльнскі, кардынал Ёахім Майснэр.

Ва ўрачыстасьці прынялі ўдзел больш за 30 ярархаў (у значнай частцы з-за мяжы), каля 200 сьвятароў і больш за 10 тысяч вернікаў.
Прыбылі таксама прадстаўнікі Віцебскай епархіі Праваслаўнай Царквы.
20.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ  ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
“Сьветла радуецца Богам ратаваны горад Браслаў
і ўвесь край Беларускі”

Гэтыя словы трапара (літургічнай песьні) добра паказваюць радасьць вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды каранацыі Браслаўскай Іконы Маці Божай.

“Для Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі каранаваньне Браслаўскай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі зьяўляецца вялікай духовай падзеяй.

Гэта вялікае сьвята – духовая, малітоўная сустрэча вернікаў розных веравызнаньняў перад сьвятой Іконай Багародзіцы, якая ёсьць для нас усіх Маці Еднасьці .

Мы вельмі ўдзячныя Віцебскаму Біскупу Ўладзіславу Бліну за падрыхтоўку гэтага каранаваньня” – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
13.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
22 жніўня гэтага году ў Браславе, у Санктуарыі, якім апякуюцца манахі сальватарыяне, адбудзецца чын каранацыі Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў.
Урачыстасьці каранаваньня Іконы ўзначаліць Архібіскуп Кёльна, кардынал Ёахім Майснэр – вялікі шанавальнік сьвятамучаніка Язафата Полацкага.

Грэка-католікі Менска арганізуюць аўтобусную двухдзённую Пілігрымку ў Будслаў і Полацак, якая адправіцца з Менску ўначы 22 жніўня (каля 00:30).

Адказны за арганізацыю Пілігрымкі: старшыня нашай Парафіі (Праведнага Язэпа): Анатоль Сёмуха, тэл. маб. (Velcom) 644.76.22
12.08.2009
НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
Грэка-католікі Беларусі пачалі малітоўную дзевятніцу

Грэка-католікі Беларусі пачалі малітоўную падрыхтоўку да каранацыі папскімі каронамі Браслаўскай Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў.
Дзевятніца (навэнна) пачалася 12 жніўня і будзе трываць да 20 жніўня.

Як вядома, Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў доўгі час знаходзілася ва ўніяцкім манастыры Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы на высьпе каля Браслава пад апекай манахаў з ордэна базыльянаў. Тады яе звалі “манастырскай” іконай.
Падчас перасьледу і ліквідацыі Уніяцкай (грэка-каталіцкай) Царквы на Беларусі, Ікона была таемна перададзена манахамі базыльянамі пад апеку рыма-каталіцкага касьцёла ў Браславе.

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier