НАПЯРЭДАДНІ КАРАНАЦЫІ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ
”Сьветла радуецца Богам ратаваны горад Браслаў і ўвесь край Беларускі” Гэтыя словы трапара (літургічнай песьні) добра паказваюць радасьць вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з нагоды каранацыі Браслаўскай Іконы Маці Божай. ”Для Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі каранаваньне Браслаўскай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі зьяўляецца вялікай духовай падзеяй.
Гэта вялікае сьвята – духовая, малітоўная сустрэча вернікаў розных веравызнаньняў перад сьвятой Іконай Багародзіцы, якая ёсьць для нас усіх Маці Еднасьці .
Мы вельмі ўдзячныя Віцебскаму Біскупу Ўладзіславу Бліну за падрыхтоўку гэтага каранаваньня” – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. * * * У грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі прайшлі дзевяцідзённыя маленьні (навэны), як падрыхтоўка да каранацыі. Ва ўрачыстасьцях у Браславе прымаюць удзел грэка-каталіцкія вернікі, сьвятары і ярархі, як з грэка-каталіцкіх парафіяў на Беларусі, так і з замежжа. Праз восем дзён пасьля каранацыі, у грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі будзе праходзіць г. зв. ”Актава Падзякі” за каранацыю Іконы Маці Божай - Валадаркі Азёраў. Трапар перад Браслаўскай Іконай Багародзіцы - Валадаркі Азёраў Тон 4 Сёньня сьветла радуецца * Богам ратаваны горад Браслаў і ўвесь край Беларускі,* бо бачаць Твой, Міласэрная Валадарка Азёраў,* слаўны ласкамі вобраз, каранаваны тут на зямлі.* Ты ж, увенчаная нябеснаю славаю,* - нястомны Пакроў і Заступніца хрысьціянаў, верных Еднасьці Царквы.* У час жа перасьледаў за вернасьць Адзінай Царкве * Ты не пакінула дзетак сваіх,* але падаравала Твой вобраз прававернаму народу для суцяшэньня,* бо Ты – сапраўднае Прыстанішча ў жыцьцёвых бурах * і Маці Еднасьці.
|