
Да пасхальнай радасці Ўваскрасення Госпада нашага Ісуса Хрыста Святая Царква прывяла нас праз Вялікі Тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.
У Вялікі Чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і святарскага служэння, які Хрыстос даручыў Сваёй Святой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасць гэтага дару святарства для ўсяго Народу Божага.
Усіх святароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарыслівае служэнне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне.
Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэння.