Рэкалекцыі а. Андрэя Крата. Першае казанне.Падчас гэтых рэкалекцый хацелася б паразважаць пра царкоўныя прыказанні. На сённяшні дзень іх пяць:
1.У нядзелю і святы ўдзельнічаць у Еўхарыстыі і ўстрымлівацца ад неабавязковай працы.
2.Прынамсі раз на год прыступаць да споведзі
3.Прынамсі раз на год у Велікодным часе прыступаць да Святога Прычасця
4.Захоўваць усталяваныя пасты і ў часы пакуты устрымлівацца ад удзелу ў забавах
5.Клапаціцца пра матэрыяльныя патрэбы Царквы
У адрозненні ад Дзесяці Божых прыказанняў ці Двух прыказанняў Любові, якія даў нам Хрыстос, царкоўныя прыказанні і нават іх колькасць змяняюцца. У старых катэхізісах, напрыклад, можна знайсці іншыя іх варыянты.
Царкоўныя прыказанні могуць і павінны змяняцца, бо не маюць універсальнага характару, іх Царква дае людзям, якія жывуць у канкрэтны час, у канкрэтных жыццёвых абставінах.
Навошта ж тады засяроджваць на іх увагу? Царкоўныя прыказанні – гэта сведчанне нашай прыналежнасці да Царквы, калі мы іх выконваем (ці прынамсі імкнемся) – мы належым да Царквы, калі не – мы па-за Царквою.
Я думаю, пачуўшы такое радыкальнае сцвярджэнне, некаторыя сучасныя вернікі абурацца: “Як гэта, нехта вырашае, ці я належу да Царквы, ці не! Якое ён мае на гэта права?” Падобнае меркаванне можа паходзіць толькі з неразумення сутнасці Царквы. З вуснаў людзей, са СМІ, з інтэрнэту гучыць меркаванне, быццам бы Царква – гэта пэўны іерархічны, калі не сказаць манархічны інстытут, у якім кіруюць “людзі ў чорным” – святары, біскупы, Папа. Яны ўсталёўваюць нейкія межы, яны дыктуюць правілы паводзінаў, выказваюцца, яны прадстаўляюць Царкву. Тыя, хто так кажа, забываюцца пра галоўнае: Царква гэта не толькі біскупы ці святары, гэта кожны ахрышчаны, які нясе адказнасць за Царкву. Мяне часам абурае, калі вернікі гавораць: “ Чаму Царква не выказваецца па тым ці іншым пытанні, чаму не моліцца за тую ці іншую праблему?”. Мне хочацца заўсёды пераадрасаваць такое пытанне таму, хто яго задае, бо, калі ён лічыць сябе членам той ці іншай Царквы, ён таксама адказвае за яе “маўчанне”. Вялікія справы ў Царкве заўсёды павінны пачынацца з малітвы ў парафіяльнай супольнасці, для гэтага дастаткова падысці да святара, папрасіць пра малітву за тую ці іншую асобу, справу, праблему.
Царкоўныя прыказанні – гэта не абмежаванне свабоды чалавека. Яны яднаюць нас. І асабліва яскрава гэта можна бачыць на прыкладзе першага прыказання. Падчас нядзельнай і святочнай Еўхарыстыі адбываецца бачная еднасць хрысціян – калі яны, незалежна ад узросту, полу, адукацыі і г.д. ствараюць адну супольнасць: збіраюцца ў адным храме, разам моляцца, спяваюць. Магчыма, не заўсёды ў звычайную нядзелю мы адчуваем гэтую еднасць, але варта прыгадаць удзел ва ўрачыстасцях, на якія прыязджаюць вернікі з некалькіх парафій (напрыклад, гадавіну каранацыі іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую мы святкавалі ў 2010 годзе), каб зразумець, пра што гаворка.
Мяне часамі пытаюцца: “Ці ёсць розніца ў тым, у якую царкву ходзіць чалавек? Бог жа адзін! Я вось хаджу раз у грэка-каталіцкую царкву, раз у праваслаўную, раз у касцёл...” Такім людзям я звычайна адказваю: “Ёсць розніца! Вы павінны хадзіць не толькі ў царкву пэўнай канфесіі, але ў пэўную парафію!” Чалавек, які не мае сваёй царквы і свайго месца ў царкве – яшчэ не хрысціянін. Ён старонні назіральнік, які, магчыма, робіць першыя крокі да Бога, а магчыма, не хоча цалкам аддаць сваё жыццё Яму. Бо нельга любіць Бога не любячы бліжняга. У адным з беларускіх перакладаў Святога Пісання слова “бліжні” перакладзенае як “сусед”. У кантэксце першага царкоўнага прыказання я б сказаў, што бліжні – гэта наш сусед у царкве, які стаіць з намі побач, моліцца (можа часамі занадта гучна), спявае (часамі фальшыва), але мы павінны яго любіць!
Другая частка першага царкоўнага прыказання гаворыць пра тое, што мы павінны ўстрымлівацца ў нядзелю і святы ад неабавязковых прац. Гэтая частка таксама спрыяе еднасці, але ўжо не ў літургічным, а ў штодзённым – сямейным, сяброўскім – жыцці. Аднойчы ў свята да мяне пазваніў адзін парафіянін і спытаўся, ці можа ён крыху папрацаваць. Я спытаўся, што ён збіраецца рабіць. “Ну, напрыклад, прапыласосіць машыну”. “Не!”—быў мой адказ. “А...” – “Таксама не.” “А гэта...” – “І гэта ня трэба!” “Дык што ж мне рабіць?” – у роспачы запытаўся ён.
Прысвячаючы свой час шматлікім важным і неадкладным справам, якія мы робім на карысць нашых блізкіх, мы часта забываемся пра саміх блізкіх. Мы трапляем у няволю – няволю працы, працаголію, як сёння кажуць. Царкоўнае прыказанне дае нам свабоду, дае нам больш за два месяцы свабоды на год: (50 нядзель, 12 Двунадзесятых святаў, ды іншыя святы, якія ўказаныя ў календары), каб мы маглі правесці іх са сваімі блізкімі і сябрамі. Каб мы не хаваліся за неабходнасццю зрабіць тое ці іншае, але каб шчыра паразмаўлялі адзін з адным, паглядзелі адзін аднаму ў вочы.
Дарагія браты і сёстры! Падчас падрыхтоўкі да вялікапоснай споведзі давайце запытаемся ў сябе: наколькі мы цэнім дар Святога дня – нядзелі, свята – і наколькі поўна мы выкарыстоўваем яго для нашага духоўнага ўзрастання.