Пошук

Каляндар

 

Споведзь і Прычасце – прывілей, жыццёвая неабходнасць і знак чалавечай удзячнасці  


Споведзь і Прычасце – прывілей, жыццёвая неабходнасць і знак чалавечай удзячнасціРэкалекцыі а. Андрэя Крата. Другое казанне.

У перадвелікодны час шмат людзей кіруюцца ў храмы. Многія прыступаюць да Святых Тайнаў – Споведзі і Прычасця. Тым самым яны выконваюць другое і трэцяе царкоўныя прыказанні “Прынамсі раз на год прыступаць да Споведзі”, і “Прынамсі раз на год, у Вялікодны час, прымаць Святое Прычасце”. Аднак, назіраючы такія натоўпы людзей, адчуваю не толькі радасць, але і непакой. Прычыны для непакою дзве.

Першая – ці ведаюць людзі, да чаго прыступаюць? Аднойчы я вельмі здзівіў сваю знаёмую, якая толькі вярнулася са Споведзі ў царкве, распавёўшы ёй, што яна павінна была прыняць рашэнне не грашыць пасля Споведзі! Споведзь становіцца традыцыяй пэўнай “псіхалагічнай разгрузкі”, калі чалавек выгаворваецца перад святаром, але забываецца пра тое, што Споведзь – гэта Тайна, знак Божага дзеяння.

Учора мы гаварылі, што царкоўныя прыказанні нас яднаюць. Гэтыя два прыказанні – не выключэнне. Святая Споведзь яднае нас з Богам і з людзьмі. З Богам – бо мы просім у Яго прабачэння і абяцаем болей не грашыць. Я б сказаў, што абяцанне болей не грашыць – гэта галоўная частка Споведзі. Бог прабачыць нам нават грахі, якія мы можам не назваць на Споведзі (бо не ведалі, што гэта было грахом альбо забыліся пра грэх), але, калі мы з усяго сэрца не імкнемся выправіцца, Бог не мае магчымасці нам прабачыць, і Споведзь ператвараецца ў марнаванне часу.

Споведзь яднае нас таксама з чалавекам, бо, перш чым прыступіць да гэтай тайны, мы павінны памірыцца з усімі тымі, каго пакрыўдзілі.

Асаблівым знакам еднасці з’яўляецца Святая Еўхарыстыя. Прымаючы Цела і Кроў Хрыста мы яднаемся з Богам, робімся прычаснікамі жыцця Святой Тройцы, а таксама ў Еўхарыстыі мы яднаемся адно з адным. У старажытнахрысціянскім творы “Дыдахэ, альбо Навучанне дванаццаці апосталаў” ёсць цудоўны гімн, у якім гаворыцца, што як зерне, рассыпанае па гарах з’ядналася ў гэтым хлебе, як кроплі вінаграднага соку з’ядналіся ў гэтай чашы, з’яднай нас, Божа, у Тваёй Святой Царкве.

Мяне непакоіць часам, ці сапраўды шчыра прыступаюць да Святых Тайнаў тыя, хто робіць гэта толькі ў час Вялікага посту? Нажаль, шмат людзей прыступаюць да Споведзі і Прычасця менавіта раз на год. Прыказанне яны выконваюць, але не больш! Я б сказаў, яны трымаюцца на тоненькай нітачцы, якая злучае іх з Царквой.

А між тым, прыступаць да Святых Тайнаў – гэта і прывілей, і жыццёвая неабходнасць, і знак нашай чалавечай удзячнасці. Уявіце сітуацыю – вы чакаеце вялікую колькасць шаноўных гасцей. Рыхтуецеся некалькі дзён: прыбіраеце кватэру, набываеце прадукты, потым яшчэ раз, бо нешта забыліся... Шукаеце рэцэпты страваў – у кніжках, інтэрнэце, ў знаёмых. Нарэшце прыходзяць госці, але толькі некалькі, бо большасць аказаліся занятымі. А тыя, што прыйшлі, есці не будуць, і ўвогуле спяшаюцца. Што б вы адчулі? А якія пачуцці мае Бог, які на спажыву падрыхтаваў нам Цела і Кроў Свайго Сына?

На кожнай літургіі пра Цела і Кроў Хрыста гаворыцца: “Бярыце, ешце!”, “Бярыце, піце!” А як часта мы ямо? Раз на год? Крыху часцей? Царква гаворыць: “Прынамсі раз на год”, але не “ТОЛЬКІ раз на год”. Мы маем прывілей прыступаць да Прычасця на кожнай літургіі, калі спавядаемся раз на месяц і не робім цяжкіх грахоў, але як часта мы карыстаемся гэтым прывілелем?

Чаму прыступаць да Святых Тайнаў – жыццёвая неабходнасць? Таму, што хрысціянства – гэта не толькі сістэма інтэлектуальных перакананняў. Гэта блізкасць з Богам. Мы прамаўляем да Яго ў малітве, а ён адказвае нам праз Святыя Тайны. Асабліва яскрава бачна гэта ў Святой Споведзі. Споведзь – гэта не толькі пералік сваіх грахоў і памылак, не толькі атрыманне адпушчэння грахоў. У Споведзі мы атрымліваем Божую ласку, якая дазваляе нам супрацьстаяць спакусам, дазваляе, прынамсі некаторы час, устрымлівацца ад тых грахоў, у якіх мы пакаяліся. Шмат людзей можа засведчыць, што тыя грахі, якія здаваліся прыцягальнымі, нават натуральнымі ў іх жыцці, адразу пасля споведзі “не клеяцца” да чалавека – ён праходзіць побач са спакусай і ніяк на яе не рэагуе.

Знакам нашай чалавечай удзячнасці ў першую чаргу з’яўляецца Еўхарыстыя. У нядзелю на Святую Літургію мы прыходзім у першую чаргу не памаліцца – памаліцца за тую ці іншую патрэбу можна і дома, а ў царкве для гэтага служацца малебны. Мы прыходзім на ЕЎХАРЫСТЫЮ. Гэтае грэцкае слова перакладаецца “падзяка”. Мы прыходзім падзякаваць Богу, але не толькі за добрае надвор’е, ўласнае здароўе, багаты плён і г.д. Мы дзякуем Богу за тое, што Ён аддаў Сына Свайго Ісуса Хрыста на смерць за нас. Дзякуем асаблівым спосабам – тым, што прымаем Цела і Кроў Яго Сына. Калі гэтага не адбываецца – нашая падзяка ня поўная.

Святыя Споведзь і Прычасце дадзеныя нам Богам не толькі для таго, каб мы схілялі галовы перад іх святасцю, але, каб мы карысталіся імі. Таму, прыступаючы да вялікапоснай Споведзі памятайма, што Госпад чакае нашага пакаяння не праз год, але як мага хучэй, каб мы на кожнай Святой Літургіі маглі прымаць Святое Цела і Ўсячыстую Кроў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Амін.

31.03.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier