У пятніцу, 15 красавіка 2016 г., у рымскай базыліцы св. Паўла за Сценамі прайшла ўрачыстая біскупская хіратонія Уладыкі Эмануіла (Ніна), Апостальскага Экзарха для католікаў візантыйскай традыцыі ў Грэцыі.
59-гадовы бенедыктынец іспанскага паходжання, які да цяперашняга часу быў рэктарам Папскай грэцкай калегіі ў Рыме, прыняў свячанні падчас Літургіі пры спаўслужэнні шматлікіх біскупаў усходняга і заходняга абрадаў.
Галоўным свяціцелем стаў ягоны папярэднік на пасадзе Экзарха Уладыка Дымітрыас (Салахас), якому дапамагалі Уладыка Даната (Алівьера) з італа-албанскай епархіі Лунгра (Калабрыя) і лацінскі архібіскуп Афінаў Севасціанас Расалатас. Спаўслужылі Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры, кардыналы Джэймс Харвэй і Льюіс Марцінэс Сістач, а таксама сакратар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў архібіскуп Кірыл Васіль і іншыя. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў архімандрыт Сяргей Гаек.