Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


26.11.2021

Першая кніга ў новай выдавецкай серыі «Святыні Вялікага Княства Літоўскага» прысвечана Грэка-Каталіцкай ЦарквеУ год, калі адзначаецца 425-годдзе Берасцейскай уніі, выйшла з друку падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГАБ) кніга «Уніяцкія цэрквы Вялікага Княства Літоўскага XVII ст.: матэрыялы генеральных візітацый».


Як паведамляецца на старонцы суполкі Грэка-каталікі (уніяты) Беларусі ў сацыяльнай сетцы Вк, у кнізе апублікаваны апісанні 338 цэркваў на тэрыторыі Аршанскага, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Лідскага, Мінскага, Навагрудскага, Пінскага, Рэчыцкага і Слонімскага паветаў, а таксама Полацкага ваяводства і Інфлянтаў за перыяд 1675–1698 гг.

25.11.2021

Апостал Андрэй – Пакравіцель хрысціянскага братэрстваДні малітвы за праваслаўных Братоў і Сясцёр.

 

У супольнасцях беларускіх грэка-католікаў працягваецца душпастырская навена – шлях духовага подзвігу і падрыхтоўкі - да свята св. Апостала Андрэя Першапакліканага, якога шануюць усе хрысціяне.

 

У дні 25-27 лістапада 2021 г. молімся асабліва за праваслаўных Братоў і Сясцёр, якія набліжаюцца да пачатку Перадкаляднага посту. (“Рождественский пост” для праваслаўных у Беларусі пачынаецца 28 лістапада 2021 г.).

25.11.2021

"Шчаслівыя ўсе, што на Яго спадзяюцца"У рамках 40-дзённага Перадкаляднага посту добрай малітвай з'яўляюцца Псальмы.


На другім тыдні Посту прапануем маліцца словамі Псальма 2-га.

 


25.11.2021

«Веру ў адзіную Царкву». У Мінску грэка-католікі адзначаць 425-годдзе Берасцейскай унііУ нядзелю 28 лістапада ў гонар свята святога Андрэя Першапакліканага ў капліцы грэка-каталіцкага пастырскага цэнтра святога праведнага Язэпа ў Мінску адбудзецца Боская Літургія ў межах святкавання 425-годдзя Берасцейскай уніі.


Юбілейныя ўрачыстасці з гэтай нагоды ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве праходзяць пад дэвізам «Веру ў адзіную Царкву: 1596–2021».

 

У кантэксце распачатага паўсюдным Касцёлам сінадальнага шляху, прысвечанага сінадальнасці ў вымярэнні камуніі (еднасці), удзелу і місіі, супольнасць беларускіх грэка-католікаў разважае над спадчынай, выклікамі і пошукам пастырскіх рашэнняў.

24.11.2021

Папа Францішак: св. Юзаф – непрыкметны абаронца Марыі і ЕзусаСв. Юзаф нагадвае, што кожны чалавек мае неад’емную ролю ў гісторыі збаўлення, і заахвочвае станавіцца абаронцамі ўсіх, каго Пан давярае нам праз розныя жыццёвыя абставіны, - заўважыў Папа Францішак.

 

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 лістапада 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны св. Юзафу, звяртаючы ўвагу на яго ролю ў гісторыі збаўлення. Ён нагадаў, што евангелісты Мацвей і Лука паказваюць Юзафа не як біялагічнага бацьку Езуса, але, тым не менш, як паўнапраўнага бацьку Збаўцы.

 

“Евангеліст Мацвей дапамагае нам зразумець, што постаць Юзафа, хоць на першы погляд здаецца нязначнай, сціплай, другараднай, насамрэч займае цэнтральнае месца ў гісторыі збаўлення. Юзаф выконваў сваю ролю, ніколі не імкнучыся заняць галоўнае месца на сцэне”, - падкрэсліў Францішак.

23.11.2021

Душпастырская навена перад святам св. Апостала Андрэя21 лістапада 2021 споўнілася 80 год, калі Папа Пій ХІІ прызначыў Экзарха Антона (Неманцэвіча) Апостальскім Адміністратарам для грэка-католікаў Беларусі. 


У гэты дзень у грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі пачалася душпастырская навена (novenna) перад святам св. Апостала Андрэя Першапакліканага - асаблівага Пакравіцеля Усходняй (Візантыйскай) Царквы - святам, якое ў 425-годдзе Берасцейскай уніі адзначаецца асабліва.


У грэка-каталіцкай парафіі свв. Кірыла і Мятода ў Баранавічах малітоўны ўспамін Экзарха Антона ды пачатак душпастырскай навены ўзначалілі архімандрыт Сяргей (Гаек) і а. Зміцер Чарнель - рэдэмптарыст.


НАВЕНА - гэта час малітвы але і актыўнай дабрачыннасці ды ўвагі да людзей "у патрэбе". Усе гэтыя духовыя этапы святкавання Берасцейскай уніі даручаем малітвам вернікаў.

22.11.2021
40 крокаў да Раства Хрыстовага. КРОКІ: 8-мы - 14-ты22-28 лістапада
У чарговых біблійных чытаннях Старога Запавету прадстаўлены асноўныя падзеі ў гісторыі збаўлення.

22 лістапада: Быццё 28.1-4  
23 лістапада: Быццё 28.10-17  
24 лістапада: Быццё 35.9-12  
25 лістапада: Быццё 46.2-4  
26 лістапада: Быццё 48.1-5  
27 лістапада: Быццё 48.15-16  
28 лістапада: Быццё 49.1-2,8,10
18.11.2021

425-годдзе Берасцейскай уніі – чарговыя этапы Юбілейнага шляхуВіцебск - Полацк - Магілёў

 
Святкаванне 425-годдзя Берасцейскай царкоўнай Уніі – аднаўлення сулучнасці (communio) Усходняй Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях з Рымскім Апостальскім Пасадам – гэта ўспамін і асэнсаванне 425 год, на працягу якіх рыма-католікі ды грэка-католікі сумесна абвяшчалі Хрыстовае Евангелле.

 

У складаных умовах пандэміі святкаванне мае характар рэгіянальны і праходзіць этапамі.

18.11.2021

У грэка-католікаў Беларусі пачаўся Перадкалядны постУ візантыйскім каляндары 15 лістапада пачынаецца 40-дзённы Перадкалядны пост, называны так сама "Піліпаўка", паколькі ён пачынаецца пасля ўспаміну св. Апостала Піліпа (14 лістапада).


Добрай малітвай на час гэтага Посту з'яўляюцца Псальмы. На першым тыдні Посту прапануем маліцца словамі Псальма 1-га.

 

 

17.11.2021

Папа Францішак: св. Юзаф вучыць распазнаваць і цаніць істотнаеСв. Юзаф нагадвае нам, што па-сапраўднаму каштоўнае не прыцягвае нашай увагі і патрабуе цярплівага распазнання, каб адкрыць і ацаніць гэта, - перакананы Яго Святасць Папа Францішак.

 

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 лістапада 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны зямному бацьку Езуса. Ён нагадаў, што 8 снежня 1870 г. бл. Пій ІХ абвясціў св. Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла, і цяпер, у сувязі са 150-й гадавінай гэтай падзеі, праходзіць спецыяльны год, прысвечаны постаці святога.

 

Пантыфік падкрэсліў, што ў актуальны крызісны час св. Юзаф можа стаць “падтрымкай, суцяшэннем і правадніком” і выказаў надзею на тое, што новы цыкл катэхез дапаможа кіравацца яго прыкладам і сведчаннем.


Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier