Пошук

Каляндар

 

Першая кніга ў новай выдавецкай серыі «Святыні Вялікага Княства Літоўскага» прысвечана Грэка-Каталіцкай Царкве  


Першая кніга ў новай выдавецкай серыі «Святыні Вялікага Княства Літоўскага» прысвечана Грэка-Каталіцкай ЦарквеУ год, калі адзначаецца 425-годдзе Берасцейскай уніі, выйшла з друку падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГАБ) кніга «Уніяцкія цэрквы Вялікага Княства Літоўскага XVII ст.: матэрыялы генеральных візітацый».


Як паведамляецца на старонцы суполкі Грэка-каталікі (уніяты) Беларусі ў сацыяльнай сетцы Вк, у кнізе апублікаваны апісанні 338 цэркваў на тэрыторыі Аршанскага, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Лідскага, Мінскага, Навагрудскага, Пінскага, Рэчыцкага і Слонімскага паветаў, а таксама Полацкага ваяводства і Інфлянтаў за перыяд 1675–1698 гг.

 

Выданне, укладальнікам якога з’яўляецца гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў, распачынае новую выдавецкую серыю «Святыні Вялікага Княства Літоўскага».

 

Асноўны масіў апрацаваных і прадстаўленых у кнізе дакументаў быў выяўлены ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (г. Санкт-Пецярбург).

 

З наступнага тыдня (з 29 лістапада 2021) кнігу можна будзе набыць:

 - у грэка-каталіцкіх парафіяльных цэнтрах;

 - непасрэдна ў архіве (Мінск, вул. Крапоткіна, 55, каб. 24 — навукова-даведачная бібліятэка);

 - у кнігарні «Акадэмкніга» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 72).

 

Паводле Catholic.by


26.11.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier