Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


27.03.2009
Зямля з месца мучаніцтва Блаславёнага Амільяна перададзеная ў храм БГКЦ у Берасьці
25 сакавіка 2009 года, з нагоды 65-й гадавіны сьмерці Блаславёнага Сьвятамучаніка Амільяна (Коўча), на месцы былога канцэнтрацыйнага лагеру Майданэк у Польшчы, быў асьвячаны абеліск (камень) з пасланьнем Блаславёнага:
"…Тут я бачу Бога – Бога, які ёсьць адзін для нас усіх, без зважаньняў на рэлігійную розьніцу".

Урачыстасьць узначалілі грэка-каталіцкі мітрапаліт перамышльска-варшаўскі Высокадастойны Кір Ян (Мартыняк) ды рыма-каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт люблінскі Юзаф Жыцінскі. Удзельнічалі грэка-каталіцкія біскупы з Украіны ды Польшчы, разам са шматлікімі грэка-каталіцкімі сьвятарамі – пілігрымамі з Украіны.

Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўлялі Апостальскі Візітатар архімандрыт Сяргей (Гаек) ды душпастыр грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці а. Ігар Кандрацьеў.
18.03.2009
Прызначэньне ўладыкі Васіля (Мэдвіта)
17 сакавіка 2009 г. на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Апостальскага Пасаду было павядомлена пра рашэньне Вярхоўнага Архібіскупа Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Любаміра (Гузара) у згодзе з Сінодам Біскупаў УГКЦ аб прызначэньні ўладыкі Васіля (Мэдвіта) дапаможным біскупам Данецка-Харкаўскага Экзархату (Усходняя Украіна).
18.03.2009
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч перадаў Бэнэдыкту XVI Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове
16 сакавіка 2009 г. у Рыме (Італія) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэтыя дні прымае ўдзел у Пленарным пасяджэнні Кангрэгацыі па справах Духавенства, уручыў папу Бэнэдыкту XVI Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

Святы Айцец з вялікай радасцю прыняў вестку пра выданне гэтых дакументаў. Між іншым, у сваёй прамове да ўдзельнікаў Пленарнага пасяджэння Пантыфік узгадваў вучэнне ІІ Ватыканскага Сабору.

У размове з арцыпастырам беларускіх католікаў Бэнэдыкт XVI узгадаў Касцёл на Беларусі, а таксама выказаў радасць з прычыны яго адраджэння і развіцця.

Друкуецца ў мове арыгіналу паводле сайта catholic.by
10.03.2009
© Клаўдзія Генцлер
Міжнародны Сімпозіум “Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце”

Пра неабходны сімбіёз паміж Евангельлем і культурай у сучаснай місіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гаварыў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на Міжнародным Сімпозіуме “Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце”, які праходзіў 4-6 сакавіка 2009 г. у Міжнародным Інстытуце вывучэньня сужэнства і сям’і (ІТІ) у аўстрыйскім горадзе Гамінг.
2.03.2009
Архібіскуп Антоніо Вэльё прызначаны Старшынём Рады для душпастырства мігрантаў
28 лютага 2009 Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI прызначыў Старшынём Папскай рады для душпастырства мігрантаў і падарожнікаў Архібіскупа Антоніо Марыя Вэльё (Antonio Maria Vegliò), які да гэтага часу быў Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Папярэдні Старшыня рады душпастырства мігрантаў Кардынал Рэната Марціна (Renato Martino) адышоў на пенсію, але захаваў яшчэ пасаду старшыні Папскай рады „Iustistia et Pax” (па справах справядлівасьці і міру).
2.03.2009
“Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў” - Міжнародны Сімпозіум у Гамінгу
Міжнародны Сімпозіум на тэму: “Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце” адбудзецца 4-6 сакавіка 2009 г. у аўстрыйскім горадзе Гамінг.

Сімпозіум арганізаваны пад сумесным патранатам Архібіскупа Вены кардынала Хрыстафора Шэнборна ды Першаярарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Кіеўска-Галіцкага Любаміра (Гузара) і будзе праходзіць у Міжнародным Інстытуце вывучэньня сужэнства і сям’і (ІТІ) у Гамінгу.

Да ўдзелу запрошаныя асабліва ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, найперш з Эўропы, ды прафесары і студэнты, якія займаюцца праблематыкай Усходніх Цэркваў
2.03.2009
Архібіскуп Агостыно Маркетто пра надзею мігрантаў
«Хрысьціянская надзея і надзея мігранта» — так гучыць тэма даклада, зь якім 26 лютага 2009 г. архібіскуп Агостыно Маркетто (Agostino Marchetto) - Сакратар Папскай Рады для душпастырства эмігрантаў і падарожнікаў выступіў на канферэнцыі ў Рыме, прысьвечанай энцыкліцы Папы Бенедыкта XVI «Spe salvi».

Арганізатарам дадзенай канферэнцыі зьяўляецца міжнародная асацыяцыя «Caritа politica» (што азначае харытатыўную дзейнасьць у сфэры палітыкі).

Архібіскуп Агостыно Маркетто (які быў Апостальскім Нунцыям у Беларусі ў 1994-1996 гг.) у сваім дакладзе зьвярнуў увагу на «гераічную надзею, якая дазваляе ўбогім пакінуць сваю краіну ў пошуках лепшага жыцьця на чужыне. У імя гэтай надзеі яны церпяць нястачу і шматлікія прыніжэньні».
«Хрысьціяне, якія прымаюць мігрантаў у духу эвангельскай любові, — сьцвярджае Архібіскуп — могуць прывесьці іх да новай і несумненнай надзеі, якая абапіраецца на веру ў Ісуса Хрыста».

Паводле www.catholic.by
26.02.2009
Адышоў да Госпада а. Адрыян Цкуй
21 лютага 2009 года, на 39-м годзе жыцьця, пасьля цяжкай хваробы памёр у Рыме айцец Адрыян Цкуй, канцлер Апостальскага Візітатара для ўкраінцаў грэка-католікаў у Італіі.

Нарадзіўся ён 11 лютага 1970 года ў Мэльбурне. У 1992-1997 гг. быў семінарыстам у папскай Калегіі сьв. Язафата ў Рыме.

13 сьнежня 1997 года атрымаў сьвятарскія пасьвячаньні і быў прызначаны на парафію Сьвв. Ап. Пятра і Паўла ў Мэльбурнскай Епархіі УГКЦ.
14.02.2009
Мошчы сьвятога Валянціна знаходзяцца ў грэка-каталіцкай царкве Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы
Традыцыю сьвяткаваньня дня сьвятога Валянціна – апекуна ўсіх закаханых – мы прынялі ад Захаду зусім нядаўна. Аднак мала хто ведае, што мошчы сьвятога, у гонар якога названае сьвята, захоўваюцца ў грэка-каталіцкай царкве Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў горадзе Самборы Львоўскай вобласці (Украіна).
Мошчы сьвятога Валянціна – частка чэрапа, некалькі костак, маленькая шкляная капсула, у якой як мяркуецца, знаходзіцца міра, – захоўваюцца ў невялікай шкляной труне.
10.02.2009
Прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору
14 лютага 2009 г. а 14-й гадзіне ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» (вул. Я. Купалы, 27) у межах XVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша «Кнігі Беларусі — 2009» адбудзецца прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, зьдзейсьненага Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Дакументы Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965 гг.) — гэта канстытуцыі, дэкрэты, дэкларацыі, прысьвечаныя розным сфэрам жыцьця і дзейнасьці Каталіцкай Царквы, яе місіі ў сьвеце, ролі ў грамадзтве, адносінам Царквы да іншых рэлігій і веравызнаньняў.

Паводле catholic.by

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier