21 лютага 2009 года, на 39-м годзе жыцьця, пасьля цяжкай хваробы памёр у Рыме айцец Адрыян Цкуй, канцлер Апостальскага Візітатара для ўкраінцаў грэка-католікаў у Італіі.
Нарадзіўся ён 11 лютага 1970 года ў Мэльбурне. У 1992-1997 гг. быў семінарыстам у папскай Калегіі сьв. Язафата ў Рыме.
13 сьнежня 1997 года атрымаў сьвятарскія пасьвячаньні і быў прызначаны на парафію Сьвв. Ап. Пятра і Паўла ў Мэльбурнскай Епархіі УГКЦ.
З 1999 г. а. Адрыян навучаўся на Ліцэнзіяцкай праграме Папскага Грыгарыянскага Універсітэта, які завяршыў у 2001 г. з атрыманьнем ступені Ліцэнзіяту па сьпецыялізацыі Багаслоўская Дагматыка.
У верасьні 2004 г. прызначаны канцлерам Апостальскага Візітатара для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі.
У 2004-2008 гг. а. Адрыян быў вікарным душпастырам пры храме Маці Божай Жыровіцкай у Рыме (украінская парафія сьвятых Сяргея і Вакха), дзе заўсёды зь вялікай гасьціннасьцю прымаў беларускіх пілігрымаў.
Абрад сьвятарскага адпяваньня ва ўкраінскім саборы Сьвятой Сафіі ў Рыме – 26 лютага 2009 г. – узначаліў Уладыка Гліб (Лончына), былы Апостальскі Візітатар у Італіі. У пахавальнай Літургіі ўдзельнічаў між іншымі Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Пасьля адпяваньня труна з целам спачылага а. Адрыяна будзе перавезена ў Мэльбурн, дзе жывуць бацькі а. Адрыяна.