
У момант развітання з прафесарам Анатолем Грыцкевічам прагну далучыцца да супольнай малітвы, давяраючы Божай міласэрнасці шляхетнага сына беларускай зямлі.
Давяраем Богу гісторыка, які прысвяціў сваё жыццё пошукам у гістарычных дакументах душы свайго народа, каб распавесці пра яе беларусам.
Праца гісторыка, калі ён сябра ісціны і сумленны як крышталь у яе перадачы, — гэта сакральная праца. Бог збаўляе людзей не толькі паасобку, Ён збаўляе таксама народ. Паглыбляючы свядомасць уласных каранёў, народ глыбей уваходзіць у Божую любоў, таму што Бог, стаўшы чалавекам, увайшоў у гісторыю. Гісторыя — гэта наша плоць, наша сэрца, нашы ідэалы. Народ, які губляе сваю гістарычную памяць, губляе сябе.