«Сретение» па-беларуску гучыць стрэчанне — слова старажытнаславянскае, якое азначае сустрэча, а ў перакладзе з сербскай мовы – радасць. У евангельскай гісторыі гэта сустрэча Старога і Новага Запавету. Паводле апавядання Евангеліста Лукі (2:22-38), яна адбылася ў Іерусалімскім Храме.
Майсеевы Закон загадваў здзяйсняць над кожным першынцам мужчынскага полу абрад прысвячэння Богу. Калі Немаўляці Ісусу споўнілася 40 дзён, Язэп і Марыя панеслі Яго ў Дом Божы.
Яны стаялі сярод іншых сем'яў, чакаючы сваёй чаргі, і ў гэты момант да іх наблізіўся старац Сямён, які жыў пры Храме. Ён належаў да ліку тых, хто горача верыў у хуткі прыход Месіі. Старцу было прадказана, што ён яшчэ пры жыцці ўбачыць Збаўцу свету. І зараз Дух Божы паказаў яму на пару бедных галілеян. Сямён узяў на рукі іх Дзіцё і стаў маліцца:
"Цяпер адпускаеш слугу Твайго,Уладыка, паводле слова Твайго, у супакоі;
бо мае вочы бачылі збаўленне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі народамі,
святло для прасвятлення народаў і славу Ізраіля, люду Твайго ". Ключавым словам у гэтай малітве старца Сямёна ёсць “святло”. Для сустрэчы, каб убачыць адзін аднаго, кожны з нас патрабуе фізічнага святла. Для сустрэчы з Богам мы патрабуем іншага святла – духоўнага, Святла Хрыстовага, Святла Духа Святога.
Таму асвячаючы сёння свечы, мы бярэм іх да сваіх хатаў, не толькі каб запальваючы іх асвяціць цемру ці абараніць нашыя дамы ад стыхіяў гэтага свету, бо для гэтага мы карыстаемся сучаснымі сродкамі, але каб праз малітву сустрэць Самаго Хрыста, сімвалам Якога для нас і з’яўляюцца гэтыя асвячаныя свечы.
Бо менавіта Ён ёсць “святлом для прасвятлення народаў”, а таксама і нашых сэрцаў.
а. Алесь Шаўцоў, Полацк