Пошук

Каляндар

 

Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар Дзміцер Грышан  


Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар Дзміцер ГрышанПротапрэзбітар Дзміцер Грышан, які ўзначальвае грэка-каталіцкую парафію ў Віцебску, быў запрошаны на факультэт постдыпломнай адукацыі ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лекцыю па транспланталогіі для выкладання пытанняў маральных і духоўных аспектаў.

Спачатку святар сустрэўся з прафесарам і куратарам дысцыпліны Анатолем Шчасным і выступіў перад курсантамі, якія прыехалі да віцебскіх навукоўцаў з розных гарадоў Беларусі.

Сваю лекцыю айцец Дзміцер Грышан пачаў цытатай з кнігі прымудрасці Сіраха пра ўрача і ўрачаванне. Святар засяродзіў таксама ўвагу на асноўных дакументах Касцёла якія акрэсліваюць духоўныя аспекты трансплантацыі органаў і тканяў, — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, энцыкліка Святога Яна Паўла II «Evangelia Vitae», «Хартыя працаўнікоў аховы здароўя», прапанаваная Папскім Саветам па апецы працаўнікоў службы здароўя, а таксама «Заява Папскай Акадэміі навук».

Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар Дзміцер ГрышанВельмі шмат этычных, медыцынскіх і тэалагічных пытанняў было агучана падчас лекцыі. У якасці прыклада прафесійнага і духоўнага ўзрастання ўрача-трансплантолага святар прывёў мастацкі фільм рэжысёра Лукаша Палькоўскага па сцэнарыю Кшыштафа Ракі «Богі» (2014г.), які распавядае пра першую трансплантацыю сэрца ў Польшчы доктарам Збігневам Рэлігам ў 1985 годзе. Гэты ж фільм быў паказаны на лекцыі.

Працягам абмеркавання пытанняў транспланталогіі стане ХІ медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце», якая пройдзе ў Віцебску ў маі бягучага года.

Людміла Ярмолава
Фота Барбары Сіпайла
Паводле Catholic.by

30.01.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier