Беларусь рыхтуецца да чарговага Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. Па традыцыі, у Каталіцкім Касцёле яна праводзіцца з 18 па 25 студзеня, з 1968 года, і сёлета, атрымліваецца, будзе арганізавана ў 49 раз.
Беларусь ужо доўгія гады далучаецца да гэтай ініцыятывы, і з цягам часу заклік да адзінства не траціць сваёй актуальнасці, а наадварот, толькі вастрэй адчуваецца неабходнасць такой малітвы, адзначыў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Езус маліўся, каб усе былі адзінымі. І вось адсутнасць гэтага адзінства хрысціян – вялікі боль і для католікаў, і для іншых хрысціян. Гэты грэх падзелу ўжо цягнецца тысячу гадоў ці нават больш. Можна казаць аб нейкіх сумесных праектах ці планах, але, на жаль, да адзінства – яшчэ вельмі доўгая дарога, але мы не губляем надзеі”, - сказаў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.