Усё больш маладых, свецкіх вернікаў, сужэнцаў і нават цэлых сем’яў становяцца кандыдатамі на беатыфікацыю і кананізацыю. Гэта сведчыць пра тое, што да святасці пакліканы не толькі святары і манахі, але кожны хрысціянін.
Падсакратар Дыкастэрыі па справах кананізацыі ксёндз Богуслаў Турэк у размове з журналісткай ватыканскіх СМІ Даротай Абдэльмоўла-В’ет звярнуў увагу на рост колькасці просьбаў аб распачацці працэсаў беатыфікацыі маладых людзей.
“Гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. Безумоўна, нельга сказаць, што іх вельмі шмат, але такіх просьбаў значна больш, чым некалькі гадоў таму”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.