Праз 40 гадоў пасля дня малітвы, які склікаў Ян Павел II, Супольнасць святога Эгідзія зноў сабрала ў Асізі прадстаўнікоў розных рэлігій, каб гаварыць пра мір.
Міжнародная сустрэча "Бяззбройны і абяззбройваючы мір" ("Pace disarmata e disarmante") пачалася 25 кастрычніка 2026 года. Праз 40 гадоў пасля 27 кастрычніка 1986 года горад святога Францішка зноў прымае прадстаўнікоў вялікіх рэлігій, культуры, грамадства і ўлады. На ўрачыстае адкрыццё сабраліся сотні людзей.
Мэта сустрэчы – нагадаць пра каштоўнасць дыялогу ў свеце, дзе вайна зноў стала звычайным сродкам і ў міжнароднай палітыцы, і ў штодзённым жыцці. У Асізі прагучаў і заклік, з якім Папа Леў XIV звярнуўся да вернікаў у той жа дзень на малітве "Анёл Панскі": "Няхай Пан натхняе на выбар дыялогу і міру!"
Бяззбройныя не значыць скораныя
На адкрыцці зачыталі пасланне прэзідэнта Італіі Сэрджа Матарэлы. Сустрэчу 1986 года прэзідэнт назваў прарочай. Перад войнамі, несправядлівасцю і беднасцю, якія спараджае сам чалавек, "бяздзейнасць неапраўдальная", падкрэсліў палітык. Аднаўляць права, справядлівасць і свабоду там, дзе іх патапталі, – задача дзяржаўных устаноў, але "ніхто не вызвалены ад таго, каб зрабіць сваю частку".
Заснавальнік Супольнасці Андрэа Рыкардзі нагадаў, што ў 1986 годзе, нягледзячы на халодную вайну і страх перад ядзернай катастрофай, мір заставаўся ў цэнтры міжнароднай палітыкі. "Сёння, на жаль, мір як ідэя быццам знік з далягляду, а ўсё часцей сцвярджаюць, што вайна – натуральная спадарожніца гісторыі", - адзначыў ён. У вернікаў няма ні грошай, ні войскаў вялікіх дзяржаў, але "бяззбройныя не значыць скораныя панаваннем гвалту і ўладай нянавісці".
"Дыялог можа абяззброіць ваяўнічую і пагрозлівую мову. Малітва можа выпрасіць мір, якога людзі не здольныя даць сабе самі", - сказаў Рыкардзі. Старшыня Супольнасці Марка Імпаліяца ў інтэрв'ю СМІ Святога Пасада дадаў, што сэнс такіх сустрэч у тым, каб "уяўляць мір і шляхі дыялогу": Супольнасць ужо пераканалася ў гэтым у Мазамбіку, Гватэмале і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
Мір пачынаецца ў сэрцы, але не можа там застацца
На адкрыцці выступілі прадстаўнікі розных рэлігійных традыцый. Міністр па справах рэлігій Інданезіі Насарудзін Умар перакананы, што "аднаго дыялогу ўжо мала": ад прыгожых слоў трэба пераходзіць да канкрэтных штодзённых спраў, бо "сапраўдны мір пачынаецца, калі мы абяззбройваем сваё сэрца".
Галоўны рабін Францыі Хаім Корсія нагадаў, што мір – "не проста адсутнасць вайны", ён патрабуе справядлівасці, даверу і павагі да чалавечай годнасці: "Мала любіць яго ў тэорыі, трэба ісці яму насустрач". Прадстаўнік японскага будызму тэндай Гідзюн Сугітані распавёў, што "дух Асізі" дайшоў і да Японіі, дзе з 1987 года штогод праходзяць малітоўныя сустрэчы за мір. Ён спадзяецца на "глабалізацыю міру", якая аб'яднае вялікія і малыя крокі да міру, што людзі робяць кожны дзень.
Пра тое, як тэрмінова гэта патрэбна, сведчыла суданская актывістка Хала аль-Карыб. Яна нагадала, што Судан перажывае "найцяжэйшы гуманітарны крызіс у свеце", пра які ў гэтай частцы свету ведаюць не ўсе. Роўна год таму, пасля прыкладна 18 месяцаў аблогі Сіламі хуткага рэагавання, у Эль-Фашэры на поўначы Дарфура, паводле ААН, загінулі не менш за 6 тысяч чалавек. Актывістка расказала пра забойствы тысяч мірных жыхароў, этнічны пераслед, гвалтаванні, гвалтоўныя знікненні і ператварэнне жанчын і дзяўчат у рабынь.
Святы Францішак патрэбны сёння
Кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у інтэрв'ю СМІ Святога Пасада заўважыў, што выклікі з 1986 года змяніліся: "Тады яшчэ стаяў мур, сёння вайна паўсюль". Рэлігіі, па яго словах, "паказваюць, што мір магчымы, абяззбройваюць сэрцы" і могуць схіліць да міру нават кіраўнікоў народаў.
Дзупі ўспомніў, як Францішак пайшоў да ваўка з Губіа, якога ўсе лічылі ворагам, не адмаўляў учыненага ім зла, але імкнуўся зразумець яго прычыны. Так, на думку кардынала, выглядае кожны сапраўдны мірны працэс, бо "трэба заўсёды вяртацца да вытокаў канфлікту".
Журналіст і пісьменнік Альда Кацула лічыць, што Францішка не трэба "асучасніваць": "Францішак і так сучасны. Больш за тое, ён патрэбны неадкладна". Сустрэчу 1986 года, калі Ян Павел II маліўся побач з лідарамі іншых рэлігій, ён назваў рэвалюцыйнай. "Сапраўдны цуд Францішка ў тым, што чалавек можа змяніцца. Можа стаць лепшым", - падкрэсліў Кацула.
Сустрэча ў Асізі завяршаецца 27 кастрычніка 2026 года малітвай рэлігій і ўрачыстасцю на плошчы перад базілікай святога Францішка. Яе ўдзельнікі памятаюць пра словы Льва XIV: "ніколі яшчэ не было так відавочна, што войны не толькі сеюць смерць і разбурэнне, але і робяць свет больш бедным і шкодзяць яму".
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News