Пошук
Нядзельнае казаньне
|
серада
ЛІСТАПАДА |
Святы Пасад: жыццё святых – найлепшая катэхеза
Падсакратар Дыкастэрыі па справах кананізацыі ксёндз Богуслаў Турэк у размове з журналісткай ватыканскіх СМІ Даротай Абдэльмоўла-В’ет звярнуў увагу на рост колькасці просьбаў аб распачацці працэсаў беатыфікацыі маладых людзей.
“Гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. Безумоўна, нельга сказаць, што іх вельмі шмат, але такіх просьбаў значна больш, чым некалькі гадоў таму”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.
Жыццё святых – найлепшая катэхеза
Святар заўважыў, што падобныя справы патрабуюць асаблівай асцярожнасці. Ён падкрэсліў, што ранняя смерць маладога чалавека, асабліва ў выніку хваробы, а таксама яго паводзіны могуць выклікаць глыбокае спачуванне і захапленне, але гэтага недастаткова, каб аб’ектыўна ацаніць яго жыццё і хрысціянскія цноты.
Адным з найбольш вядомых сучасных прыкладаў святасці сярод моладзі ксёндз Турэк назваў святога Карла Акуціса. Яго гісторыя паказвае, што святасць – гэта не толькі ідэал, але і рэальнасць, якой можна жыць ужо ў маладым узросце. На думку святара, знаёмства з постацямі святых – гэта “найлепшая катэхеза”, бо іх жыццё дапамагае іншым людзям адкрыць уласны шлях да шчасця і вернасці Евангеллю.
Да святасці пакліканы не толькі святары і манахі
Паводле падсакратара Дыкастэрыі па справах кананізацыі, сярод кандыдатаў на беатыфікацыю і кананізацыю становіцца ўсёй больш свецкіх людзей, у тым ліку тых, хто адыграў важную ролю ў палітычным, навуковым і культурным жыцці. Сярод іх святар згадаў Роберта Шумана, Альчыдэ дэ Гасперы, Жэрома Лежэна і Антоніа Гаўдзі.
Кс. Турэк падкрэсліў, што хрысціянская вера не перашкаджае прафесійным поспехам. Наадварот, чалавек можа добра выконваць сваю працу і адначасова заставацца верным Евангеллю, нават калі гэта патрабуе ад яго адмаўлення ад пэўных кампрамісаў.
Сям’я – месца, дзе нараджаецца святасць
Святар адзначыў, што ўсё больш увагі надаецца таксама беатыфікацыі і кананізацыі сужэнцаў і цэлых сем’яў. Сярод вядомых прыкладаў – польская сям’я Ульмаў і святыя Луі і Зэлі Мартэн, бацькі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.
Паводле кс. Турэка, сям’я – гэта не толькі месца, дзе дзецям перадаюць веру. Менавіта ў ёй чалавек вучыцца любові і вернасці, а таксама адкрывае сваё пакліканне да святасці. Таму прыклад святых сем’яў асабліва важны сёння, калі сямейнае жыццё сутыкаецца з многімі цяжкасцямі, - падкрэсліў падсакратар ватыканскага ведамства.
Мучанікі нашага часу
Кс. Турэк таксама звярнуў увагу на нязменнасць сутнасці хрысціянскага мучаніцтва, нягледзячы на тое, што абставіны пераследу змяняюцца на працягу гісторыі.
“Мучанік аддае жыццё за веру ў Хрыста або за цноту, непарыўна звязаную з гэтай верай. Гэта не азначае шукаць смерці, але быць гатовым заставацца верным Евангеллю нават коштам уласнага жыцця”, - патлумачыў святар.
Адным з прыкладаў такога сведчання ён назваў італьянскага пракурора, благаслаўлёнага Разарыё Ліватына, забітага мафіяй. Яго вернасць справядлівасці грунтавалася не толькі на прафесійным абавязку, але і на хрысціянскім сумленні, - заўважыў ксёндз Турэк.
Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на тое, што сучасныя рэжымы і пераследнікі часта імкнуцца схаваць рэлігійныя матывы гвалту, прадстаўляючы мучанікаў як палітычных праціўнікаў, а не як сведкаў Хрыста, аднак гэта не змяняе сутнасці іх сведчання.
Афрыка і Лацінская Амерыка адкрываюць сваіх сведкаў веры
Ксёндз Турэк расказаў таксама пра рост цікавасці да працэсаў беатыфікацыі і кананізацыі ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы, асабліва ў Бразіліі і Аргенціне. Мясцовыя Касцёлы ўсё часцей звяртаюць увагу на людзей, якія жылі паводле Евангелля і сваім прыкладам засведчылі веру.
Сярод еўрапейскіх краін, акрамя Італіі і Іспаніі, асабліва актыўнай у гэтай справе застаецца Польшча. Цяпер там вядзецца больш за сто працэсаў беатыфікацыі і кананізацыі.
Святасць даступная кожнаму
Адказваючы на пытанне, ці не стала апошнім часам занадта шмат новых святых і благаслаўлёных, ксёндз Турэк адзначыў, што гэта не лішак, а знак таго, што людзі ўсё лепш разумеюць усеагульнае пакліканне да святасці, пра якое нагадвае Другі Ватыканскі Сабор. Святасць Касцёла можна ўбачыць у жыцці яго членаў – у іх штодзённых рашэннях, учынках і вернасці Евангеллю, - адзначыў падсакратар Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
Аляксандр Панчанка - Vatican News |
|
3.11.2026
|






Сёньняшняе чытаньне:
