Захад і Усход — агульная спадчына.
Беларуская дэлегацыя на кангрэсе «Рэнавабіс» у Фрайзінгу 3–5 верасня 2009 г. у Фрайзінгу (Германія) праходзіў ХІІІ Міжнародны кангрэс, арганізаваны акцыяй салідарнасці нямецкіх католікаў «Рэнавабіс».
Тэма сёлетняй сустрэчы «Шукаць адзінства — захоўваць разнароднасць. Усход і Захад у экуменічным дыялогу». Беларускую дэлегацыю ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Галоўным госцем кангрэса быў кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У выступленні на адкрыццё форуму ватыканскі іерарх заклікаў да знішчэння негатыўных стэрэатыпаў паміж Усходам і Захадам. «Мы па-ранейшаму занадта мала ведаем адно аднаго і павінны навучыцца ўзаемнай павазе», — адзначыў кардынал Каспер.
Беларуская дэлегацыя на працягу трох дзён прымала ўдзел у канферэнцыях, пленарных дыскусіях і працы ў групах. Сярод удзельнікаў кангрэса былі прадстаўнікі праваслаўнай, грэка-каталіцкай, пратэстанцкіх, рыма-каталіцкай Цэркваў.
Беларускую Праваслаўную Царкву і Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату прадстаўляў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка).
К межах кангрэса былі абмеркаваны галоўныя пункты сучаснага экуменічнага дыялога. Удзельнікі абмеркавалі пытанне адносна таго, які ўклад у еўрапейскую інтэграцыю робіць Касцёл.
Кардынал Каспер падкрэсліў, што адзінства Еўропы — гэта «экуменічнае заданне». Наш кантынент, па словах старшыні ватыканскага ведамства, зможа выжыць толькі тады, калі сваё развіццё будзе базаваць на агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях.
Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў розных кантэкстах і на трываючы паміж імі тэалагічны дыялог, чарговы этап якога адбудзецца гэтай восенню на Кіпры. Станоўча іерарх ацаніў адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой, якія адзначаюцца ўсё большым развіццём.
Старшыня ватыканскага ведамства перасцярог перад спадзяваннямі на хуткае дасягненне адзінства Касцёлаў. «Тысячагадовай гісторыі не ўдасца так лёгка павярнуць назад», — адзначыў кардынал Каспер і дадаў, што «гаворка ідзе не пра тэалагічныя пытанні, але пра моцную ментальную розніцу».
«Яшчэ некаторы час мы павінны будзем жыць побач», — падкрэсліў кардынал. Аднак, на думку іерарха, католікі і праваслаўныя маюць шмат агульных заданняў. Адным з іх, як адзначыў, з’яўляецца барацьба з секулярызацыяй.
Спецыяльнае благаслаўленне для ўдзельнікаў кангрэса даслаў папа Бэнэдыкт XVI. З прывітальным словам да прысутных звярнулася канцлер Германіі Ангела Меркель.
Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі цэнтральнай і ўсходняй Еўропы «Рэнавабіс» — гэта адзін з самых маладых каталіцкіх праектаў Еўропы. Нарадзіўся ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў. Кангрэсы «Рэнавабіс» — гэта штогадовыя мерапрыемствы, якія збіраюць сотні ўдзельнікаў, каб абмеркаваць пытанні адзінства і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі.
Тэкст і фота Кс. Аляксандр Амяльчэня
Паволе сайта www.catholic.by
(Захавана мову арыгінала)