Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Казаньні і гаміліі
Свята Узвышэння Святога Крыжа
14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Сутнасць гэтага свята заключаецца ў тым, каб падкрэсліць таямніцу Крыжа як цану збаўлення чалавека. Крыж — гэта сімвал, які абагульняе найважнейшыя праўды хрысціянскай веры. Святы Ян Дамаскін — старажытны тэолаг, філосаф і паэт — пісаў: «Менавіта Крыж Пана нашага Езуса Хрыста, а не нешта іншае, перамог смерць, знішчыў першародны грэх, перамог пекла, падараваў нам уваскрасенне, даў нам сілу ўзняцца над прамінальнасцю зямнога жыцця і над самой смерцю, падрыхтаваў вяртанне да ранейшага шчасця, адчыніў брамы раю, учыніў нас Божымі дзецьмі і Яго спадкаемцамі».
Папа Бэнэдыкт XVI у сваіх разважаннях пра Крыжовы шлях Хрыста заахвочваў нас, вернікаў ХХІ-га стагоддзя: «Няхай нашыя позіркі, якія скіраваны на мімалётныя зямныя справы і якія рассейваюць нашую ўвагу, сёння будуць засяроджаныя на Хрысце; давайце паразважаем над Яго Крыжам. Крыж — гэта крыніца несмяротнага жыцця, ён з’яўляецца школай справядлівасці і міру, універсальнай спадчынай прабачэння і міласэрнасці; пастаянным сведчаннем ахвярнай і бясконцай любові, якая схіліла Бога, каб Ён стаўся чалавекам, безабаронным, такім, як мы, і памёр на крыжы. Яго прыбітыя цвікамі рукі адкрытыя для кожнага чалавека і запрашаюць, каб мы прыйшлі да Яго, упэўненыя, што Ён прыме нас і прытуліць з бязмежнай чуласцю: «Калі Я буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32).
У Крыжы «мы пазналі любоў» (1 Ян 3, 16), гэтую любоў ажно дарэшты. Падзякуем сёння Богу таксама за тое, што Ён адкрыў нам сваю чыстую любоў на Крыжы, і ўсвядомім, што ўсе мы павінны даваць сапраўднае сведчанне пра пераможную і жыватворную сілу Крыжа, дзень за днём пераадольваючы грэх эгаізму і ўсялякае зло. Сучаснаму свету, як гаварыў Папа Ян Павел ІІ, «патрэбны людзі, «укаранёныя» у Крыжы Хрыста і гатовыя ахвяраваць сябе дзеля Яго. У Крыжы Хрыста, які сваімі рукамі злучае неба з зямлёю і людзей паміж сабою. У Крыжы, які нараджае новых і адважных прапаведнікаў і вызнаўцаў, тых, хто любіць Касцёл і адказвае за яго, сапраўдных вестуноў веры» (Ян Павел ІІ. Седльцэ, 1999 г.). Сёння, у гэтае асаблівае свята Крыжа, у Юбілейны год хрысціянства, хіба, кожнаму з нас слушна будзе спытацца ў самога сябе: ці з'яўляюся я, са сваім жыццёвым крыжам, «укаранёным» у Крыж Хрыста, ці выконваю свой абавязак клапаціцца пра распаўсюджванне Хрыстовага вучэння ў трэцім тысячагоддзі хрысціянства?
Папа Францішак падчас апостальскага візіту ў Славакію ў 2021 годзе, падчас гаміліі ў Прэшаве казаў: «Боскі Збаўца хоча, каб наша любоў была падобнай да Яго — ахвярнай і шчодрай, безумоўнай і бескарыслівай, каб мы любілі іншых так, як Ён палюбіў нас. І не адкідвалі свайго крыжа. Пантыфік падкрэсліў, што «хрысціянства без крыжа становіцца бескарысным, бясплённым. (...) Беражыце каштоўную памяць пра людзей, якія кармілі вас і выхоўвалі ў веры. Пра сціплых, простых людзей, якія аддалі сваё жыццё, любячы да канца. Яны нашы героі, героі штодзённасці, і менавіта іх жыццё змяняе гісторыю. Сведкі нараджаюць іншых сведкаў, таму што яны з'яўляюцца даўцамі жыцця. Так распаўсюджваецца вера: не праз моц свету, а праз мудрасць крыжа; не праз структуры, а праз сведчанне. І сёння, у гулкай цішыні крыжа, Пан пытаецца ў кожнага з нас: «Ці будзеш ты Маім сведкам?» Аўтар - ✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі 12 верасня, 2025 Catholicminsk.by (фрагменты Слова) |
17.09.2025
|