Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НА ШЛЯХУ СУПРАЦОЎНІЦТВА ХРЫСЦІЯНСКІХ ЦЭРКВАЎ
НА ШЛЯХУ СУПРАЦОЎНІЦТВА ХРЫСЦІЯНСКІХ ЦЭРКВАЎ6.09.2009. |
![]() Беларуская дэлегацыя на кангрэсе «Рэнавабіс» у Фрайзінгу 3–5 верасня 2009 г. у Фрайзінгу (Германія) праходзіў ХІІІ Міжнародны кангрэс, арганізаваны акцыяй салідарнасці нямецкіх католікаў «Рэнавабіс». Тэма сёлетняй сустрэчы «Шукаць адзінства — захоўваць разнароднасць. Усход і Захад у экуменічным дыялогу». Беларускую дэлегацыю ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. ![]() Беларуская дэлегацыя на працягу трох дзён прымала ўдзел у канферэнцыях, пленарных дыскусіях і працы ў групах. Сярод удзельнікаў кангрэса былі прадстаўнікі праваслаўнай, грэка-каталіцкай, пратэстанцкіх, рыма-каталіцкай Цэркваў. Беларускую Праваслаўную Царкву і Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату прадстаўляў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка). ![]() Кардынал Каспер падкрэсліў, што адзінства Еўропы — гэта «экуменічнае заданне». Наш кантынент, па словах старшыні ватыканскага ведамства, зможа выжыць толькі тады, калі сваё развіццё будзе базаваць на агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях. Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў розных кантэкстах і на трываючы паміж імі тэалагічны дыялог, чарговы этап якога адбудзецца гэтай восенню на Кіпры. Станоўча іерарх ацаніў адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой, якія адзначаюцца ўсё большым развіццём. ![]() «Яшчэ некаторы час мы павінны будзем жыць побач», — падкрэсліў кардынал. Аднак, на думку іерарха, католікі і праваслаўныя маюць шмат агульных заданняў. Адным з іх, як адзначыў, з’яўляецца барацьба з секулярызацыяй. Спецыяльнае благаслаўленне для ўдзельнікаў кангрэса даслаў папа Бэнэдыкт XVI. З прывітальным словам да прысутных звярнулася канцлер Германіі Ангела Меркель. Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі цэнтральнай і ўсходняй Еўропы «Рэнавабіс» — гэта адзін з самых маладых каталіцкіх праектаў Еўропы. Нарадзіўся ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў. Кангрэсы «Рэнавабіс» — гэта штогадовыя мерапрыемствы, якія збіраюць сотні ўдзельнікаў, каб абмеркаваць пытанні адзінства і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі. Вярнуцца назад |