Прэзэнтацыя кнігі “На шляхах Божай Міласэрнасьці. Блаславёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны”У нядзелю 28 верасьня 2008 году ў Беластоку ў Польшчы адбылася Беатыфікацыя Слугі Божага Міхала Сапоцькі. У ёй, разам з тысячамі пілігрымаў, удзельнічалі шматлікія ярархі, сьвятары, манахі і манахіні з Польшчы, Літвы, Беларусі ды іншых краінаў. У рамках Беатыфікацыйных урачыстасьцяў вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ахвяравалі Санктуарыю Божай Міласэрнасьці ў Беластоку Ікону Блаславёнага Міхала (Сапоцькі), Вызнаўцы.
Беатыфікацыя Блаславёнага Міхала Сапоцькі сталася вялікім сьвятам Божай Міласэрнасьці.
“Для Каталіцкай Царквы ў Беларусі Блаславёны сьвятар Міхал Сапоцька - ураджэнец Беларускай Зямлі - гэта асаблівы дар Божы: новы Заступнік перад Міласэрным Хрыстом, руплівым апосталам Якога быў ва ўсім сваім сьвятарскім служэньні а. Міхал” – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
Айцец Міхал Сапоцька нарадзіўся 1 лістапада 1888 году, ва ўрачыстасьць Усіх Сьвятых, на Ашмяншчыне, у невялікім маёнтку Юшаўшчызна. Ашмяны, Таборышкі, Варшава, Вільня, Беласток – Беларусь, Літва, Польшча – гэта асноўныя рэгіёны служэньня Блаславёнага Міхала. Ён нёс там душпастырскае служэньне вернікам розных народаў, традыцыяў, моваў: палякам, беларусам, літоўцам, расейцам. Ён нёс дапамогу і апеку габрэям... Ягонае жыцьцё было абвяшчаньнем ды сьведчаньнем пра бязьмежную Божую Міласэрнасьць.
З нагоды Беатыфікацыі Блаславёнага Міхала – Вызнаўцы, Грэка-каталіцкі Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне – пры супрацоўніцтве Грэка-каталіцкай парафіі Сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку – выдаў кніжку Пастулатара беатыфікацыйнага працэсу, Падсакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча, ў перакладзе з італьянскай мовы а. Андрэя Крата. У кнізе
“На шляхах Божай Міласэрнасьці. Блаславёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны” коратка, зьмястоўна і кампетэнтна прадстаўляецца жыцьцёвы шлях Блаславёнага Міхала – нястомнага Апостала Божай Міласэрнасьці.
Выдаўцы спадзеваюцца, што гэтая кніга дапаможа шматлікім хрысьціянам Беларусі духова асэнсаваць каштоўнасьць і актуальнасьць сьведчаньня Блаславёнага Міхала Сапоцькі пра Божую Міласэрнасьць.
Першая прэзэнтацыя кнігі Манс. Кшыштафа Ніткевіча мела месца ў Беластоку, у Санктуарыі Божай Міласэрнасьці ў нядзелю 28 верасьня, пасьля ўрачыстай Беатыфікацыі.
Прэзэнтацыя кнігі ў Менску прадбачана на панядзелак – 29 верасьня 2008 г. ў 18:30 у Грэка-каталіцкім душпастырскім Цэнтры сьв. Язэпа па вул. Арджанікідзэ 6.
Трапар Блаславёнаму Міхалу (Сапоцьку),
сьвятару і вызнаўцы
(паводле багаслужбовай практыкі беларускіх грэка-католікаў)
(Тон 8)Правай веры настаўніку, набожнасьці прыклад і чысьціні,
Сьветач сусьветны, Богам натхнёная аздоба сьвятароў,
Блаславёны Міхале мудры:
Навукаю Боскаю ты ўсіх прасьвятліў,
Апостале Божай Міласэрнасьці.
Малі Хрыста Чалавекалюбца за збаўленьне душаў нашых.