Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Беатыфікацыя Блаславёнага Міхала (Сапоцькі)
Беатыфікацыя Блаславёнага Міхала (Сапоцькі)28.09.2008. |
![]() У нядзелю 28 верасьня 2008 году ў Беластоку ў Польшчы адбылася Беатыфікацыя Слугі Божага Міхала Сапоцькі. У ёй, разам з тысячамі пілігрымаў, удзельнічалі шматлікія ярархі, сьвятары, манахі і манахіні з Польшчы, Літвы, Беларусі ды іншых краінаў. У рамках Беатыфікацыйных урачыстасьцяў вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ахвяравалі Санктуарыю Божай Міласэрнасьці ў Беластоку Ікону Блаславёнага Міхала (Сапоцькі), Вызнаўцы. Беатыфікацыя Блаславёнага Міхала Сапоцькі сталася вялікім сьвятам Божай Міласэрнасьці. “Для Каталіцкай Царквы ў Беларусі Блаславёны сьвятар Міхал Сапоцька - ураджэнец Беларускай Зямлі - гэта асаблівы дар Божы: новы Заступнік перад Міласэрным Хрыстом, руплівым апосталам Якога быў ва ўсім сваім сьвятарскім служэньні а. Міхал” – сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. ![]() З нагоды Беатыфікацыі Блаславёнага Міхала – Вызнаўцы, Грэка-каталіцкі Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне – пры супрацоўніцтве Грэка-каталіцкай парафіі Сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку – выдаў кніжку Пастулатара беатыфікацыйнага працэсу, Падсакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча, ў перакладзе з італьянскай мовы а. Андрэя Крата. У кнізе “На шляхах Божай Міласэрнасьці. Блаславёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны” коратка, зьмястоўна і кампетэнтна прадстаўляецца жыцьцёвы шлях Блаславёнага Міхала – нястомнага Апостала Божай Міласэрнасьці. ![]() Першая прэзэнтацыя кнігі Манс. Кшыштафа Ніткевіча мела месца ў Беластоку, у Санктуарыі Божай Міласэрнасьці ў нядзелю 28 верасьня, пасьля ўрачыстай Беатыфікацыі. Прэзэнтацыя кнігі ў Менску прадбачана на панядзелак – 29 верасьня 2008 г. ў 18:30 у Грэка-каталіцкім душпастырскім Цэнтры сьв. Язэпа па вул. Арджанікідзэ 6. Трапар Блаславёнаму Міхалу (Сапоцьку), сьвятару і вызнаўцы (паводле багаслужбовай практыкі беларускіх грэка-католікаў) (Тон 8) Правай веры настаўніку, набожнасьці прыклад і чысьціні, Сьветач сусьветны, Богам натхнёная аздоба сьвятароў, Блаславёны Міхале мудры: Навукаю Боскаю ты ўсіх прасьвятліў, Апостале Божай Міласэрнасьці. Малі Хрыста Чалавекалюбца за збаўленьне душаў нашых. Вярнуцца назад |