У сераду, 18 траўня 2016 г., напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра архімандрыт Сяргей (Гаек), апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, падарыў Святому Айцу Францішку дыск "Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага" на беларускай мове.
“Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за Папу, за Каталіцкую Царквы ды за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні” – сказаў архімандрыт Святому Айцу.
Папа Францішак перадаў сваё блаславенне беларускім грэка-католікам.
***

На дыску традыцыйныя напевы і творы кампазітара Міколы Равенскага былі запісаны паводле «Царкоўнага спеўніка» і «Спеваў Боскай Літургіі» пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда (1931-2007) — англійска-французскага музыказнаўца, даследчыка беларускай культуры, абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка».



Спевы на дыску запісаў малы моладзёвы хор у складзе: Наста Казаровец (альт) Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары) ды Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік); святарскія часткі ў выкананні а. Яўгена Усошына.
Праца над запісам дыска пачалася яшчэ пры жыцці а. Аляксандра Надсана. Пасля ягонай смерці працу над запісам дыска падтрымаў а. Сяргей Стасевіч ды ягоныя супрацоўнікі з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Лондане.
Над падрыхтоўкай рэпертуара, рэдагаваннем і нотавым запісам працаваў Сяргей Раюнец, запіс і выданне здзейсніла студыя Зміцера Папко (вядомага як Vinsent).