Пошук
Нядзельнае казаньне
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА |
Казаньні і гаміліі
Здаровае вучэнне. 2 Цім 1, 6–8; 13–14
Актуальныя словы з Ліста да Цімафея: “Дык не саромейся сведчання нашага Госпада, ні мяне, вязня Ягонага, але, паводле сілы Божай, далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля” (2 Цім 1, 8). Але, паводле апостала Паўла, даваць сведчанне пра Госпада немагчыма, калі ты не трымаешся праўдзівага вучэння пра Яго: “Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, якія ў Хрысце Ісусе” (2 Цім 1, 13).
Быць хрысціянінам – гэта, безумоўна, значыць любіць Бога і бліжняга, абвяшчаць Божую міласэрнасць, змагацца са сваімі слабасцямі і грахамі. Аднак гэта таксама – пазнаваць Госпада, вывучаць Святое Пісанне і Традыцыю Царквы, чытаць творы святых і Настаўнікаў Царквы. Я ўпэўнены, што кожны з нас мае каштоўны вопыт адносін з Богам, але, калі ён не абапіраецца на фундамент вопыту папярэдніх пакаленняў, вельмі лёгка ўпасці ў тое, што спрадвеку называлася ерассю – памылковае вучэнне, якое адрывае нас ад Сусветнай Царквы.
Сёлета хрысціяне святкуюць 1700-годдзе Першага сусветнага сабору ў Нікеі. Перад абліччам ерасі арыянства, якая адмаўляла Боства Ісуса Хрыста, біскупы тагачаснага хрысціянскага свету сабраліся, каб акрэсліць праўдзівае навучанне пра Уцелаўленне. Тое, што яны зрабілі, ва ўсходняй Царкве параўноўваюць з подзьвігам апосталаў: “Апосталаў прапаведаванне і айцоў навучанне ўмацавалі веру праўдзівую ў Царкве, і яна, адзеўшыся ў вопратку праўды, вытканую з нябеснага багаслоўя, праўдзіва навучае і славіць набожнасці вялікую тайну”. Плёнам напружанай інтэлектуальнай працы Айцоў карыстаемся і мы, прамаўляючы падчас нядзельнай Святой Імшы Вызнанне веры. Аўтар - протапрэзбітар Андрэй Крот (Гродна); паводле сайта: facimskaja.by |
6.10.2025
|