
18-га траўня 1944 году скончылася
Бітва пад Монтэ-Касіна, (вядомая таксама як
Бітва за Рым), адна з самых вялікіх ды крывавых баталіяў супраць нямецкай нацысцкай арміі на Захадзе Еўропы.
(Гэта была серыя з 4-х бітваў Другой сусветнай вайны каля манастыра Монтэ-Касіна, у выніку якой у 1944 годзе саюзныя войскі прарвалі нямецкія ўмацаванні, названыя «Лінія Густава», і захапілі Рым).
У гэтай бітве ўдзельнічалі шматлікія ўраджэнцы Беларусі, якія змагаліся з нямецкімі нацыстамі ў складзе Арміі Генерала Уладзіслава Андэрса, сфармаванай 4.06.1941 г. на тэрыторыі СССР.



Сярод 1058 загінулых жаўнераў, якія паклалі жыццё ў гэтай бітве, было 183 беларусы (іншыя крыніцы кажуць пра 264), прыналежных да розных релігійных канфесій (рыма-католікаў, праваслаўных, грэка-католікаў).
Яны пахаваныя на польскіх вайсковых могілках, побач з манастыром бенедыктынаў на Монтэ Касіна.
Штогод, асабліва ў сакавіку, красавіку і траўні (1-я аперацыя прайшла 15 лютага 1944 г., апошняя, 4-я, 17-га траўня) вайсковыя могілкі на Монтэ Касіна наведваюць пілігрымы з Польшчы, Беларусі, Украіны, Італіі, Вялікабрытаніі, каб у разважанні і малітве ўзгадаць загінулых у барацьбе з нацыстамі.
Сёлета спаўняецца 70 год Бітвы пад Монтэ Касіна. У сувязі з гэтым колькасць наведвальнікаў, у тым ліку з Беларусі, узрастае.
18 сакавіка 2014 г. вайсковыя могілкі наведаў і ўсклаў вянок пашаны Прэзідэнт Італіі Джорджыо Напалітана.
У суботу, 3 траўня 2014 г., у рамках пілігрымкі ў манастыр Монтэ Касіна, на вайсковых могілках разам з міжнароднай групай сяброў Беларусі маліўся Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архім. Сяргей (Гаек).
На магіле Васіля Яўтуха, беларускага сапёра, грэка-католіка са Столінскага павета, архім. Сяргей адслужыў пасхальную Паніхіду за ўсіх загінулых у бітве пад Монтэ Касіна, а таксама за тых, хто ўдзельнічаў у гэтай бітве і хто не дажыў да сённяшняга дня, сярод якіх грэка-каталіцкі святар айцец Кастусь Маскалік (+12.04.2010 г., Лондан).
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!