Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


30.01.2015
Прыклад святых Кірыла і Мятода трэба перанесці на сучаснасцьІнтэрв’ю архім. Сяргея Гаека для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

2015 год для хрысціян Еўропы, у тым ліку Беларусі, пройдзе пад знакам важнай даты – 1200-годдзя з нараджэння св. Мятода Салунскага, які разам са сваім братам Кірылам пачаў хрысціянскую місію сярод славянаў. Дзякуючы ім славяне змаглі пачуць Евангелле на роднай мове, нагадаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. У першую чаргу, чырвонай ніццю гэты юбілей павінен прайсці праз усю душпастырскую працу – ад падзей агульнацаркоўных да парафіяльных мерапрыемстваў, лічыць айцец Сяргей. “Мы хочам аднесціся да гэтай падзеі, як да вялікай і духоўнай, асэнсаваць, што значыць для нас Евангелле сёння” - паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.
30.01.2015
Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар Дзміцер ГрышанПротапрэзбітар Дзміцер Грышан, які ўзначальвае грэка-каталіцкую парафію ў Віцебску, быў запрошаны на факультэт постдыпломнай адукацыі ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лекцыю па транспланталогіі для выкладання пытанняў маральных і духоўных аспектаў.

Спачатку святар сустрэўся з прафесарам і куратарам дысцыпліны Анатолем Шчасным і выступіў перад курсантамі, якія прыехалі да віцебскіх навукоўцаў з розных гарадоў Беларусі.
29.01.2015
“Асэнсаваць духовую спадчыну” у кантэксце 1200-годдзя святога МятодаУ г. Бары ды ў Рыме разважалі над духовай спадчынай Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у ХХ стагоддзі

Міжнародная платформа супрацоўніцтва і душпастырскай дапамогі Усходнім Цэрквам “Synergeia pro Oriente Christiano” ініцыявала працу студыйнай групы, якая ў 2015 г. зоймецца вывучэннем практычнага прымянення дэкрэтаў ІІ-га Ватыканскага Сабору "Аб Усходніх Каталіцкіх Цэрквах" ды "Аб Экуменізме" ў жыцці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы.
23.01.2015
1200-годдзе нарадження  св. Мятода Салунскага – Апостала СлавянаўАрхімандрыт Сяргей (Гаек): “Апосталы Славянаў Кірыл і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасці”.

Сусветны Тыдзень малітваў аб Еднасці хрысціянаў (18-25 студзеня) адзначаецца ўжо больш за 100 гадоў. На самой справе гэта “Актава” – восем дзён малітваў. З часу Другога Ватыканскага Сабору гэты Тыдзень адзначаецца сумесна большасцю хрысціянскіх канфесій а праграма малітваў рыхтуецца разам адмысловым камітэтам Сусветнай Рады Цэркваў (куды ўваходзяць пратэстанцкія, англіканскія і праваслаўныя Цэрквы) і Папскай Радай па справе Еднасці хрысціянаў.
22.01.2015
Слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на развітанне з Анатолем ГрыцкевічамУ момант развітання з прафесарам Анатолем Грыцкевічам прагну далучыцца да супольнай малітвы, давяраючы Божай міласэрнасці шляхетнага сына беларускай зямлі.

Давяраем Богу гісторыка, які прысвяціў сваё жыццё пошукам у гістарычных дакументах душы свайго народа, каб распавесці пра яе беларусам.

Праца гісторыка, калі ён сябра ісціны і сумленны як крышталь у яе перадачы, — гэта сакральная праца. Бог збаўляе людзей не толькі паасобку, Ён збаўляе таксама народ. Паглыбляючы свядомасць уласных каранёў, народ глыбей уваходзіць у Божую любоў, таму што Бог, стаўшы чалавекам, увайшоў у гісторыю. Гісторыя — гэта наша плоць, наша сэрца, нашы ідэалы. Народ, які губляе сваю гістарычную памяць, губляе сябе.
21.01.2015
ПАХАВАЛЬНЫЕ СЛУЖБЫ АНАТОЛЯ ГРЫЦКЕВІЧА ПРОЙДУЦЬ У МІНСКУ 22 СТУДЗЕНЯ 2015 (чацвер) у Чырвоным касцёлеУ 11:00 гадз. труна з целам спачылага слугі Божага Анатоля будзе выстаўленая ў храме Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) для ціхай малітвы і асабістага развітання.

гадз. 12:00 - Пахавальная паніхіда ў грэка-каталіцкім абрадзе;
гадз. 12:30 - заўпакойная св. Імша ў рыма-каталіцкім абрадзе;
гадз. 14:30 - Развітальныя малітвы. Ад'езд у крэматорый.

***

Заўпакойная Боская Літургія за спачылага слугу Божага Анатоля будзе адслужана ў капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага цэнтра св. Язэпа ў Мінску (вул. Аржданікідзе 6) у пятніцу - 23.01.2015 у 19:00 гадз.
21.01.2015
Анатоль Грыцкевіч тройчы сустракаўся з Папам Янам Паўлам ІІЖурналістка Іна Студзінская так пісала 28.04.2009 пра гэтыя сустрэчы:

Прафэсар-гісторык Анатоль Грыцкевіч сустракаўся з Пантыфікам тройчы – у 1990, 1991 і 1995 гадах. Усе сустрэчы былі падчас навуковых канфэрэнцыяў, якія адбываліся ў Рыме і Ватыкане. Ён ездзіў разам з Папам у мястэчка Кастэль-Гадольфа, летнюю рэзыдэнцыю Пантыфіка.

Вось што сам Анатоль Грыцкевіч распавёў пра атрыманыя падарункі:

“Ён (Папа) мне падарыў – і гэта вісіць над маім ложкам – раскрыжаванне, распяцце, і чоткі, што часам у каталікоў-вернікаў бываюць. Ёсць што ўспомніць і ёсць што ўзяць у рукі”.
21.01.2015
"ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ"Грэка-католікі Беларусі з удзячнасцю ўспамінаюць у малітве спачылага Анатоля Грыцкевіча

З архіва часопісу "Наша Вера" ўзяты артыкул Анатоля Грыцкевіча, які прадстаўляем увазе наведвальнікам сайта.
20.01.2015
Адышоў у вечнасць Анатоль Грыцкевіч20 студзеня 2015 г., пасля цяжкай хваробы на 86-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч.

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Мінску. У 1950 скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, у 1955 — Мінскі інстытут замежных моваў, а ў 1958 — БДУ, нейкі час працаваў доктарам.
З 1959 — у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1975 — загадчык кафедры Мінскага інстытута культуры (з 1993 — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры), у 2001—2005 гг. быў прэзідэнтам МГА Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», пасля ганаровым старшынём «Бацькаўшчыны».
Даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, гістарыяграфію, рэлігійныя праблемы ў ВКЛ, становішча праваслаўнай і уніяцкай Цэркваў, гісторыю Беларусі 1917—1920 гг..
У 2013 г. выйшла яго кніга «Выбранае» ў «Кнігазборы», а ўвосень 2014-га «Сцягі Оршы», прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Оршай.

Час і месца пахавання будзе пададзены заўтра.

Заўпакойная Боская Літургія за спачылага слугу Божага Анатоля будзе адслужана ў капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага цэнтра св. Язэпа ў Мінску (вул. Аржданікідзе 6) у пятніцу - 23.01.205 у 19:00 гадз.
15.01.2015
Экуменічная малітва аб еднасці хрысціян пройдзе ў мінскай архікатэдры 24 студзеня24 студзеня ў архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску пройдзе экуменічная малітва аб еднасці хрысціян. Экуменічная сустрэча з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій распачнецца ў 19.00 пасля святой Імшы ў 18.30.

Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян, якія арганізуюць Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветная Рада Цэркваў, праходзяць з 1968 г.

Падчас іх прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій збіраюцца разам на набажэнствах, канферэнцыях, канцэртах і г.д., каб маліцца аб еднасці згодна са словамі Хрыста: «Каб усе былі адно».

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier