🌿 22 кастрычніка 2024 г., у дзень літургічнага ўспаміну сьв. Яна Паўла ІІ, папы Рымскага, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў Боскую Літургію ў Берасьці. Разам з ім саслужыў а. Віталь Быстроў, дыяканскае служэньне спаўняў Вячаслаў Гарчакоў з парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах.
Архімандрыт Сяргей найперш адзначыў, што літургічны ўспамін гэтага сьвятога папы Рымскага адзначаецца ня ў дзень сьмерці, як звычайна для большасьці сьвятых, а ў дзень пачатку ягонага служэньня на пасадзе сьвятога апостала Пятра ў Рыме. Узгадваць духоўную спадчыну гэтага Наступніка сьвятога апостала Пятра і прасіць яго малітоўнага заступніцтва асабліва сымбалічна ў Берасьці, дзе апекунамі грэка-каталіцкай парафіі зьяўляюцца браты-апосталы Пятро і Андрэй – заступнікі хрысьціянскага Захаду і Ўсходу, і дзе ў 1596 годзе была абвешчана царкоўная Унія.