Пошук

Каляндар

 

Папа Францішак прыняў дэлегацыю Дома абрамічнай сям’і  


Папа Францішак прыняў дэлегацыю Дома абрамічнай сям’іПапа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Дома абрамічнай сям’і (Abrahamic Family House) – міжрэлігійнага комплексу на востраве Саадыят у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), у якім побач размешчаны мячэць, касцёл і сінагога.

 

Дом абрамічнай сям’і быў створаны ў святле Дакумента аб братэрстве паміж людзьмі дзеля міру ў свеце і агульным суіснаванні, падпісанага ў Абу-Дабі 4 лютага 2019 года Папа Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар, шэйхам Ахмедам Эль Таебам.

 

Тэмай ватыканскай сустрэчы, якая адбылася 28 кастрычніка 2024 года, было развіццё супольных намаганняў, накіраваных на развіццё “культуры братэрства, дыялогу і ўзаемаразумення ў крызісныя часы”, гаворыцца ў заяве арганізацыі, абнародаванай пасля аўдыенцыі.

 

Удзельнікі дэлегацыі, на чале з Мухамедам Халіфам Аль Мубаракам, дырэктарам Дома абрамічнай сям’і, якая ўключала таксама прадстаўнікоў Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, сімвалічна прэзентавалі Папу касцёл святога Францішка Асізскага, які размяшчаецца ў міжрэлігійным комплексе, падкрэсліваючы “ўдзел Каталіцкага Касцёла ў справе спрыяння міру паміж рознымі веравызнаннямі і іх мірнаму суіснаванню ва ўсім свеце”.

 

Пантыфік падзякаваў дэлегацыі за намаганні па рэалізацыі прагненняў Дакумента аб братэрстве паміж людзьмі, якімі з’яўляюцца глабальны мір і агульнае суіснаванне.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


29.10.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier